З 6 красавіка 2018 года музей-сядзіба «Пружанскі палацык» абвяшчае аб пачатку прыёму заявак і навуковых дакладаў да ўдзелу ў VІI-ай навукова-краязнаўчай канферэнцыі «Пружанскі дыярыуш», што адбудзецца 19 кастрычніка бягучага года ў музеі.
Пружаншчына разам з іншымі землямі сучаснага беларуска-польска-украінскага памежжа з’яўляецца цікавым гісторыка-культурным і прыродна-геаграфічным рэгіёнам. З гэтай тэрыторыяй звязаны многія гераічныя і трагічныя падзеі мінулага, а таксама імёны асоб, якія ўнеслі ўклад у гісторыю, культуру, навуку, грамадска-палітычнае жыццё не толькі Беларусі, але і замежжа. Асаблівую актуальнасць вывучэнне мікрагісторыі мае ў 2018 г., які аб’яўлены ў Беларусі Годам малой радзімы.
Мэтанакіраваную работу па зборы і захаванні матэрыяльнай і духоўнай спадчыны малой радзімы вядзе ДУК “Музей-сядзіба Пружанскі палацык”. Ён збірае звесткі аб мінуўшчыне і сучаснасці, асвятляе іх для шырокага кола грамадскасці. Навуковыя супрацоўнікі установы маюць розную тэматыку даследаванняў. Музей супрацоўнічае з краязнаўцамі і навукоўцамі ў вывучэнні спадчыны раёна.
З 2012 г. у музеі-сядзібе штогод праводзяцца навукова-краязнаўчыя канферэнцыі, ужо выдадзена 5 зборнікаў дакладаў. З 2017 г. канферэнцыя атрымала пастаянную назву “Пружанскі дыяруш”.
На сённяшні дзень вялікае кола навукоўцаў і краязнаўцаў займаюцца вывучэннем гістарычных падзей, культурнага жыцця, навакольнага асяроддзя, дзейнасці знакамітых асоб і інш. Таму пастаянна існуе неабходнасць абагульняць матэрыялы навуковых і краязнаўчых даследаванняў, абменьвацца дасягнутымі вынікамі, уводзіць у зварот новыя факты і знаёміць грамадскасць з даследчыцкімі напрацоўкамі з мэтай падрабязнага асвятлення жыцця Пружаншчыны і суседніх тэрыторый ў розныя эпохі і перыяды, а таксама вызначаць далейшыя накірункі ў справе вывучэння ўзгаданага рэгіёну.
На VІІ-й навукова-краязнаўчай канферэнцыі “Пружанскі дыяруш” у ДУК “Музей-сядзіба Пружанскі палацык” тэматыка дакладаў не абмяжоўваецца пэўным перыядам ці накірункам даследаванняў. Да разгляду прымаюцца навуковыя работы, аб’ектам вывучэння ў якіх з’яўляецца рэгіён беларуска-польска-украінскага памежжа.
Прыярытэт пры адборы дакладаў на канферэнцыю аддаецца тэмам, якія звязаны з Пружаншчынай і суседнімі тэрыторыямі. Тэматыка дакладаў можа тычыцца розных перыядаў. Сярод юбілейных і памятных дат, якія могуць мець адносіны да Пружаншчыны, магчыма адзначыць:
- 155 год з пачатку нацыянальна-вызваленчага паўстання ў Польшчы, Беларусі і Літве (1863 – 1864 гг.);
- 100 год заканчэння першай сусветнай вайны (1914 – 1918 гг.);
- 100 год абвяшчэння БНР (1918 г.);
- 95 год з часу стварэння КПЗБ (1923 г.);
- 585 год з часу першага ўзгадвання ў пісьмовых крыніцах “Прушанскай воласці” (1433 г.);
- 430 год з часу надання Ганнай Ягелонкай Магдэбургскага права Пружанам (1588 г.);
- 135 год з часу адкрыцця пружанскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1883 г.);
- 75 год з часу знішчэння пружанскага гета (1943 г.);
- 430 год з дня нараджэння вучонага Шымана Старавольскага (1588 – 1656);
- 210 год з дня нараджэння літаратара, грамадскага дзеяча Леана Зянковіча (1808 – 1870);
- 165 год з дня нараджэння этнографа Міхаіла Федароўскага (1853 – 1923);
- 115 год з дня нараджэння грамадскага дзеяча і вучонага Міколы Ільяшэвіча (1903 – 1934);
- 115 год з дня нараджэння палітычнага дзеяча Веры Харужай (1903 – 1942);
- 110 год з дня нараджэння паэта Міколы Засіма (1908 – 1957);
- 105 год з дня нараджэння мастака Міколы Чурабы (1913 – 1998)
- 95 год з дня нараджэння вучонага Серафіна Корчак-Міхалеўскага (1923 – 2006);
- 85 год з дня нараджэння мастачкі Алены Лось (1933 – 2013);
- 80 год з дня нараджэння савецкага трэнера Мікалая Карполя (нар. у 1938 г.) і інш.
Па выніках навукова-краязнаўчай канферэнцыі плануецца выданне навуковага зборніка.
Праблемы для абмеркавання:
- Гістарычнае мінулае рэгіёну: ад старажытнасці да сучаснасці;
- Заходняя Беларусь у складзе Польшчы;
- Помнікі гісторыка-культурнай спадчыны;
- Страчаная спадчына;
- Археалагічныя даследаванні;
- Асоба ў гісторыі і культуры: славутыя і забытыя імёны;
- Гісторыя сям’і ў гісторыі краіны;
- Літаратурная і мастацкая спадчына;
- Моўныя і этнічныя асаблівасці;
- Народныя майстры: імёны, традыцыі, школы;
- Рамёствы і промыслы;
- Этнаграфічная спадчына;
- Рэлігійнае краязнаўства;
- Міфалогія;
- Турыстычны патэнцыял рэгіёну;
- Геаграфічныя асаблівасці рэгіёну;
- Біялагічная разнастайнасць;
- Карысныя выкапні і прыродныя рэсурсы;
- Ахова прыроды;
- Белавежская пушча: мінулае і сучаснасць;
- Калекцыянаванне;
- Музейная справа;
- Сродкі масавай інфармацыі;
- Развіццё адукацыйнай справы;
- Сістэма аховы здароўя;
- Ваеннае мінулае;
- Будаўніцтва і камунікацыі;
- Эканоміка рэгіёну: праблемы і перспектывы;
- Спартыўныя дасягненні і інш.
Час правядзення канферэнцыі: 19 кастрычніка 2018 г.
Месца правядзення канферэнцыі – г. Пружаны, ДУК “Музей-сядзіба Пружанскі палацык”.
Заяўкі на ўдзел у канферэнцыі прымаюцца да 1 жніўня 2018 г. Тэксты дакладаў да 1 верасня. Аргкамітэт пакідае за сабой права адбору заяў на ўдзел у канферэнцыі і тэкстаў дакладаў! Пацвярджэнне аб удзеле ў канферэнцыі будзе даслана да 1 кастрычніка 2018 г.
У заяўцы паведамляецца імя, імя па бацьку і прозвішча дакладчыка, навуковая ступень і званне, пасада, назва даклада, назва ўстановы, якую ён прадстаўляе, адрас (хатні ці ўстановы) і кантакты.
Патрабаванні да тэкстаў дакладаў: электронны варыянт не болей за 20 тыс. знакаў, спасылкі пастаронкавыя, нумарацыя спасылак на кожнай старонцы. Абавязкова пазначыць УДК і ББК!
Рабочыя мовы канферэнцыі: беларуская, руская, украінская, польская.
Заявы на ўдзел у канферэнцыі прымаюцца па электроннай пошце:
Кантакт: Зялевіч Юрый Сяргеевіч,
225133, г. Пружаны, вул. Савецкая, 50,
Тэл. (016) 329-03-06,
маб. +375333711342 (МТС),
тэл/факс (016) 322-18-96
е-mail: palacyk@tut.by
Праезд і харчаванне аплочваецца ўдзельнікамі канферэнцыі.
Аргкамітэт
Інфаліст (MS World) можна спампаваць тут: