Да Дня Перамогі ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” адкрылася персанальная выстава мастака з Пружан Барыса Ланінскага.
Барыс Васільевіч нарадзіўся ў 1927 г. у г. Горкі, дзе і сустрэў Вялікую Айчынную вайну 14-гадовым юнаком. Горад увесь ваенны час быў акупіраваны немцамі. Хлопчык быў відавочцам фашысцкіх рэпрэсій, устанаўлення «новага нямецкага парадку», знішчэння насельніцтва горада. І ў такіх цяжкіх абставінах юны Барыс пачаў маляваць.
Ніякіх мастацкіх школ Б. Ланінскі не сканчаў. Падбіраць і змешваць фарбы навучыўся сам. Многаму Барыс вучыўся, гледзячы на карціны мастакоў. Асабліва былі яму даспадобы творы Шышкіна, якога лічыў у нейкім родзе сваім настаўнікам. У арсенале яго работ ёсць карціны, натхнёныя творчасцю гэтага вядомага мастака. Многія сюжэты Барыс Васільевіч прыдумваў сам.
Нямала карцін Барыс Ланінскі намаляваў з натуры. Галоўным матывам у творчасці мастака з’яўляецца адлюстраванне прыгажосці навакольнай прыроды, яе дынамічнасці і ў той жа час гарманічнасці. Кожная карціна нясе сваё адценне агульнага замілавання роднай зямлёй. Мастак вельмі тонка адчуваў прыроду, захапляўся ёй усё сваё жыццё. Сярод яго работ сустракаюцца і краявіды Пружаншчыны, куды мастак пераехаў у 1960-я гады.
Барыс Васільевіч неаднаразова прымаў удзел у раённых і абласных конкурсах і выставах, аб чым сведчаць шматлікія дыпломы і граматы мастака. Многія яго творы ўпрыгожваюць кватэры родных і блізкіх.
На выставе “Вясна Перамогі” прадстаўлена 12 карцін мастака, на якіх адлюстравана вясна, а таксама асабістыя рэчы — фотаздымкі, дакументы і г.д.
Яшчэ з ваенных часоў для Барыса Васільевіча вясна — гэта самая доўгачаканая пара года. З прыходам вясны адраджаецца прырода і пачынаецца новае жыццё. Паступова растае снег, адчуваецца свежае дыханне. На блакітным небе свеціць сонейка, грэючы сваімі прамянямі… Багацце свету, абуджэнне прыроды, яркія колеры — усё гэта не можа не натхняць мастакоў, асабліва тых, хто сустрэў вясну 45-га года…
Персанальная выстава Барыса Ланінскага ў Пружанскім палацыку прадстаўлена ўпершыню. Спяшайцеся пабачыць!