Адным з самых багатых і старажытных рамёстваў Беларусі з’яўляецца ткацтва. На працягу стагоддзяў яно развівалася, удасканальвалася, перадавалася з пакалення ў пакаленне. У гэтым відзе дэкаратыўна-прыкладной творчасці знайшла сваё адлюстраванне векавая гісторыя народа, яго майстэрства, мастацкі густ.
Занятак, вядомы з часоў неаліту, прадстаўляе сабой выраб тканін з пражы шляхам перапляцення нітак асновы і ўтка. Пражу для тканін рабілі з ільну, воўны, пянькі. Працэсы яе апрацоўкі выконвалі ўручную: ніткі пралі з дапамогай верацяна і прасніцы (з канца ХІХ ст. – калаўрота (каўродка)), бялілі, фарбавалі, снавалі. Ткалі спачтку на вертыкальных ткацкіх станках і прымітыўных прыстасаваннях (бердзечках, дошчачках), а з ХІ – ХІІІ стст. – гарызантальных кроснах.
У залежнасці ад прызначэння тканіны дзяліліся на тонкія кужальныя – для кашуль, намітак, ручнікоў, абрусаў, бялізны, грубейшыя – для верхняга адзення і інтэр’ераў (дываноў, раднаў, ходнікаў (дарожак, палавікоў), посцілак, сеннікаў). Выкарыстоўваліся розныя віды ткацтва: палатнянае, саржавае, рыпсавае, бранае, выбарнае, пераборнае, шматнітовае (двухнітовае, чатырохнітовае), падвойнае (двухасноўнае), ажурнае і інш.
Пружаншчына не ўзгадваецца сярод буйных цэнтраў традыцыйнага ткацтва, аднак занятак гэты ў вясковым асяроддзі меў вялікую папулярнасць і развіваўся паўсюдна. Меліся свае прыёмы, асаблівасці. Менавіта мясцовыя майстры ў XVIII ст. стаялі ля вытокаў мануфактурнай вытворчасці мастацкіх тканін (паясоў, адзення, абрусаў, бялізны) у ружанскай рэзідэнцыі Сапегаў. У ХІХ ст. Ружаны з’яўляліся адным з прамысловых цэнтраў масавага ткацтва і сукнавытворчасці Беларусі. Але асноўнымі захавальнікамі традыцый народнага тэкстылю былі жыхары вёсак, якія бераглі і ўдасканальвалі ўнікальнае мастацкае рамяство, якое дасталося ад продкаў.
Трэба адзначыць, што асаблівасць мясцовых традыцый ў іх арганічнай эклектычнасці і захаванні шэрагу аўтэнтычных праяў у народным жыцці. Пружаншчына спрадвеку была этнакультурным перакрыжаваннем. Даследчыкі вызначаюць, што яна знаходзілася на мяжы Заходнепалескага і Цэнтральнабеларускага этнаграфічных рэгіёнаў, розных гістарычных абласцей. Прыродныя фактары (пушчы, балоты) спрыялі пэўнай адасобленасці раёна, дзе доўгі час захоўвалася асаблівая матэрыяльная і духоўная культура, у тым ліку традыцыі ткацтва.
На выставе прадстаўлены прыклады мясцовага ткацтва ХХ ст. з фондаў музея-сядзібы “Пружанскі палацык”, збораў раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы, прыватных калекцый. Мясцовы тэкстыль і строі адзення маюць вялікую мастацкую вартасць і навуковую каштоўнасць, даюць уяўленне аб багатай спадчыне, разнастайнасці тэхнік, асаблівасцях дэкору, арнаментаў, колераў, прызначэння тканых твораў. Даўнія тканыя помнікі ўпершыню экспануюцца ў музеі, уражваюць разнастайнасцю ўзораў і кампазіцый, багаццем каларыстычнай гамы і матываў.