Сёння нам 30 гадоў!

30 гадоў назад (24 ліпеня) быў падпісаны Загад аб стварэнні раённага краязнаўчага музея.

Перашапачаткова музей змяшчаўся ў будынку бібліятэкі (зараз не існуе) і складаўся з экспанатаў, што былі сабраны раённым клубам краязнаўцаў “Спадчына”. У 1999 г. музей быў перанесены у будынак гарадскога сядзібнага дома і з гэтага часу музей стаў называцца музеем-сядзібай “Пружанскі палацык”. Сёння гэта помнік архітэктуры ХІХ ст., які  ахоўваецца дзяржавай.

Гісторыя Пружанскай сядзібы багатая і цікавая. Яе з’яўленне і росквіт звязаны з родам Швыкоўскіх, тры пакаленні якіх валодалі Пружанамі. Пры апошнім, Валенціі, па праекце вядомага італьянскаскага архітэктара Ланцы ў сярэдзіне ХІХ ст. быў пабудаваны “палацык”. У канцы ХІХ ст. яго ўладальніцай стала прыдворная дама графіня Вера Кляйнміхель. Вядома, што з 1919 па 1939 г. у “палацыку” змяшчалася павятовае староства. Падчас Вялікай Айчыннай вайны тут быў шпіталь для нямецкіх салдат, спыняўся генерал вермахта Гудэрыян. Пасля вызвалення Пружан ў ліпені 1944 г. пакоі палацыка сталі бальнічнымі палатамі для савецкіх салдат. У розныя часы тут змяшчаліся дом піянераў, пральня, інтэрнат для ваенных, камунальныя кватэры, даследчая станцыя, дзіцячы садок, паліклініка.

Сёння Пружанскі палацык — гэта вядомы грамадска-культурны і навуковы цэнтр. У ім праходзяць музычныя і літаратурныя вечарыны, навуковыя канферэнцыі, ладзяцца мастацкія, краязнаўчыя і адукацыйныя выставы, праводзяцца экскурсіі…

Для наведвання адчынены 13 экспазіцыйных і выставачных залаў, сярод якіх можна пабачыць інтэр’еры сядзібнага дома ХІХ ст. У музеі захоўваецца каля 10 000 музейных экспанатаў. У большасці гэта ўнікальныя рэчы, якія адлюстроўваюць гісторыю і культуру нашага рэгіёна. Штогод музей наведваюць больш за 10 000 турыстаў, і цікавасць да яго расце.

Добавить комментарий