СПРАДВЕЧНАЯ РОДНАЯ МОВА…

25 лютага ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” адбылася сустрэча “Спрадвечная родная мова…”, прымеркаваная да Дня роднай мовы.

Міжнародны дзень роднай мовы заснаваны ў 1999 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА, так штогод 21 лютага адзначаецца свята, накіраванае на абарону моўнай і культурнай разнастайнасці, забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай.

Мерапрыемства наведалі студэнты Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа. Падчас сустрэчы вядучая пазнаёміла прысутных з цікавымі фактамі пра беларускую мову, якія вядомы не кожнаму беларусу, затым гастям прапанавалі выканаць займальны тэст па беларускай літаратуры, знайсці беларускія адпаведнікі рускім словам  і наадварот – перакласці складаныя словы з беларускай мовы на рускую. Загадзя гасцям было прапанавана падрыхтаваць выразнае чытанне твораў класікаў беларускай літаратуры ў перакладзе на рускую мову — студэнты з задавальненнем прадэманстравалі прысутным аратарскае майстэрства. Прысутныя актыўна прымалі ўдзел ва ўсіх конкурсах, а найбольш актыўныя атрымалі прызы – білеты на бясплатнае аднаразовае  наведвання музея.

Падчас сустрэчы так ці інакш закраналася тэма перакладаў, таму далей гаворка пайшла пра знакамітага земляка – сусветнавядомага перакладчыка Васіля Сёмуху. Гледачам была прадэманстравана прэзентацыя пра жыццёвы і творчы шлях таленавітай асобы.

Агульны вынік сустрэчы ўвасобіўся ў словах Васіля Сёмухі: “Калі нам сёння ў галаву ўбіваюць, што ў свеце існуе толькі дзве вялікія мовы – англійская і руская, і толькі на іх можна выказаць нешта разумнае і мудрае, то я дазволю сабе ў гэта не паверыць. Таму што той, хто так гаворыць, ні па-руску, ні па-англійску ніводнай мудрай думкі пакуль не выказаў. А перакладчыкі могуць даваць нам усе вялікія мудрасці свету. Можна выказаць разумныя думкі і на нашай мове. І трэба. І чым больш будзе выказана разумных думак, у тым ліку замежных творцаў, тым большая ганьба будзе для тых, хто лічыць, што гэта немагчыма”.

Добавить комментарий