СЦЯЖЫНКАМІ МІКАЛАЯ ТАРАСЮКА

У чарговы раз музей-сядзіба “Пружанскі палацык” прыняў удзел у міжнароднай штогадовай акцыі “Ноч музеяў”, прымеркаванай да Дня музеяў. Сёлетняя вечарына пад назвай “Сцяжынкамі Мікалая Тарасюка” была прысвечана творчасці знакамітага земляка, народнага майстра Рэспублікі Беларусь Мікалая Тарасюка, якому ў гэтым годзе споўнілася б 90 гадоў.

Задало тон мерапрыемству музычнае выступленне народнага аматарскага аб’яднання «Смаляначка», таксама парадавалі сваімі выступленнямі народны фальклорны гурт “Бабіна лета” і фальклорны калектыў Дзіцячай школы мастацтваў ім. Р. Р. Шырмы г. Пружаны. Сваімі ўражаннямі аб Мікалаю Тарасюку падзялілася народны майстар Беларусі Марыя Мікалаеўна Кулецкая, якая неаднойчы наведвалася ў Стойлы і была асабіста знаёма з Мікалаем Васільевічам. У ходзе мерапрыемства ўвазе прысутных была прапанавана прэзентацыя пра жыццё і творчасць апошняга жыхара Стойлаў. Затым госці былі запрошаны на выставу “Чалавек. Зямля. Дрэва”, дзе адбылося знаёмства з творамі Мікалая Тарасюка. У ходзе мерапрыемства адкрылася выстава “Рукатворны шлях”, дзе прадстаўлены побытавыя рушнікі першай паловы XX ст., якія былі перададзены ў музей жыхарамі Пружанскага раёна. У заключэнне вечара гасцям быў прадэманстраваны фільм беларускага рэжысёра Віктара Аслюка “Драўляны народ”.

Супрацоўнікі музея выказалі спадзяванне, што Ноч музеяў далучыла прысутных да ўнікальнай аўтэнтычнай творчасці самабытнага майстра Мікалая Тарасюка.

Неабходна ведаць сваю гісторыю і культуру, каб не разбураць сусветную, бо беларуская культура і гісторыя – гэта неад’емная частка сусветнай.

Добавить комментарий