Пячатка Валенція Швыкоўскага

У канцы кастрычніка фонды музея-сядзібы “Пружанскі палацык” папоўніліся ўнікальным экспанатам — пячаткай Пружанскага павятовага прадвадзіцеля другой паловы XIX ст. Хутчэй за ўсё, гэты прадмет належыў Валенцію Швыкоўскаму, які некаторы час займаў гэтую пасаду. Рарытэт перадаў мецэнат Аляксандр Зайцаў.

 З пачатку  XIX ст. тры пакаленні Швыкоўскіх валодалі Пружанскім маёнткам. Сярод іх вылучаецца апошні прадстаўнік роду – Валенцій Швыкоўскі (1817-1900 гады жыцця). З яго імем звязана сапраўдная слава і росквіт Пружанскага маёнтка.

В. Швыкоўскі вызначаўся руплівай грамадскай і гаспадарчай дзейнасцю. Шмат працаваў над паляпшэннем дабрабыту жыхароў Пружаншчыны: арганізаваў у горадзе бібліятэку, конную пошту, правёў праз Пружаны паштовы тракт. Прымаў удзел у будаўніцтве касцёла, для чаго ладзіў у горадзе тэатральныя пастаноўкі, музычныя вечарыны, латарэі. У вёсцы Дабучын адкрыў школу для сялянскіх дзяцей.

 За гады свайго знаходжання ў маёнтку Валенцій Швыкоўскі правёў вялікія пераўтварэнні: узвёў палацык, бровар, цагельню і шмат іншых жылых і гаспадарчых пабудоў. З будаўніцтвам сядзібнага дома Валенцій перапланаваў парк, які быў закладзены яшчэ на рубяжы XVIII-ХІХ стст.

На канале сфарміраваў вадаём і востраў, на які быў перакінуты масток. Уздоўж алей былі ўсталяваныя лавы. На паркавым партэры быў разбіты вялікі кветнік. Непадалёку ад сядзібнага дома была пабудавана аранжарэя. Усё гэта захавалася да нашых дзён.

У 1989 г. пачалася рэстаўрацыя палацыка. Праз тры гады было прынята рашэнне аб стварэнні у гэтым будынку музея, які адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў у 1998 г. Сёння будынак былой сядзібы – гэта помнік архітэктуры XIX ст., які ўнесены ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і ахоўваецца дзяржавай.

Добавить комментарий