Прайшліся сцежкамі Язэпа Драздовіча

На мінулым тыдні Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Узаемаразуменне» разам з Творчай майстэрняй «Мой звыклы новы дом”, які з’яўляецца часткай праекта «Скажам адзіноце не!», правялі ў Пружанах пленэр і адкрылі ў палацыку выставу “Сцежкамі Язэпа Драздовіча”.

Аб’яднанне «Узаемаразуменне» ставіць сваёй мэтай сацыяльную падтрымку пакалення вайны і іншых сацыяльна слабых катэгорый грамадзян. У пленэры “Пружанскі палацык” прынялі ўдзел былыя малалетнія вязні канцлагераў, якія з’яўляюцца удзельнікамі Творчай майстэрні «Мой звыклы новы дом” пад кіраўніцтвам мастачкі Аксаны Чутцавай і валанцёраў.

На наступны дзень у музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” была адкрыта выстава удзельніц Творчай майстэрні.

Натхнёныя творчасцю Язэпа Драздовіча — адной з самых незвычайных персон беларускай культуры і мастацтва, мастачкі стварылі поўны эмоцый, пяшчоты і шарму каларыт трынаццаці карцін, што апускае ў свет наіўных падарожжаў і летуценняў, самабытнасці і прастадушнасці.

Язэп Драздовіч за свой нядоўгі і цяжкі шлях па роднай зямлі пасродкам мастацкага бачання адкрыў глыбіні беларускай культуры. Падобна Драздовічу мастачкі здолелі ахапіць шматграннасць жыцця, адкрылі для сябе і для гледача яркія і дзіўныя вобразы. Іх творы з’яўляюцца прыкладам творчай самарэалізацыі людзей трэцяга ўзросту для ўсведамлення значнасці і сацыяльнай карысці сваёй дзейнасці, што спрыяе ўсталяванню яшчэ больш паважлівых адносін паміж пакаленнямі.

Адкрыццё выставы дазволіла наведвальнікам музея пазнаёміцца з незвычайнымі людзьмі і убачыць свет вачыма пакалення, на долю якога выпалі вялікія выпрабаванні.

Добавить комментарий