З 26.09 па 30.09 музей-сядзіба «Пружанскі палацык» ладзіць чарговы штогадовы мастацкі пленэр «Пружанскі верасень», але ў гэтым годзе ён будзе праходзіць дыстанцыйна — анлайн. Мастакі будуць паказываць свае штодзенныя работы ў групе «Пленэры ў Пружанах» у Фэйсбуку. Напрыканцы кастрычніка ў музеі будзе праходзіць справаздачная выстава па гэтым пленэры. Восень — цудоўны маляўнічы час, які пачынаецца з першых вераснёўскіх дзён. Натхнёныя жывымі фарбамі прыроды, у якіх ужо праяўляюцца залатыя і чырвоныя адценні, мастакі-жывапісцы спяшаюцца на эцюды. Ужо не першы год мастакі з Мінска, Узды, Слоніма, Бярозы, Брэста, Гродна, іншых гарадоў Беларусі і замежжа наведваюць Пружаны, дзе адбываюцца памятныя пейзажныя плэнэры, на якіх у лічаныя дні і тыдні ствараюцца шматлікія мастацкія творы.
Пружаншчына, родны край мастакоў, паэтаў, навукоўцаў, таленавітых і працавітых людзей, становіцца значным асяродкам сучаснай мастацкай культуры. Тут ёсць што маляваць і быць адкрыўцам новых матываў і сюжэтаў. Гэта і надзвычай маляўнічае наваколле, унікальныя помнікі архітэктуры, яскравыя вобразы жыхароў Пружаншчыны і інш.
У гэтым 2020 годзе арганізаваны чарговы плэнэр “Пружанскі верасень”, Ён адбываецца ў спецыфічных умовах, калі мастакі працуюць на неабходнай індывідуальнай дыстанцыі, паасобку, не могуць па вядомым прычынам шчыльна і ўзаемна кантактаваць падчас агульнай працы. Кожны інфармуе аб працэсе сваёй працы на прыродзе ў сацыяльным сеціве — група «Пленэры ў Пружанах» https://www.facebook.com/groups/325456168763896, каб усім можна было бачыць, якія матывы ён убачыў і адлюстраваў, што яго найбольш уражвае і захапляе.
Плэнэр мастакоў, аб’яднаных інтэрнэт-сувязямі, пачынаецца з 26 верасня і завяршаецца 30 верасня 2020 года. Потым мастакі-удзельнікі будуць завяршаць свае творы ў майстэрнях і рыхтавацца да агульнай справаздачнай выставы ў славутым Пружанскім палацыку напрыканцы кастрычніка 2020 года. Там пройдзе ўрачыстае абмяркаванне вынікаў. Лепшыя творы будуць падараваны ў калекцыю музея, якая штогод папаўняецца новымі узорамі плэнэрнага жывапісу, прысвечанымі маляўнічым мясцінам Пружаншчыны.
Спадзяемся, што выдатнае надвор’е, вялікая е натхненне і шчырая любоў да роднага краю і сёлета будуць найлепшым чынам спрыяць творчай працы і парадуюць шматлікіх гледачоў вынікамі “Пружанскага верасня -2020”.
Яўген Шунейка, удзельнік плэнэра, кандыдат мастацтвазнаўства, сябра Беларускага саюза мастакоў