Падары музею экспанат

Музей-сядзіба Пружанскі палацык запрашае ўсіх жыхароў раёна стаць удзельнікам акцыі “Падары музею экспанат”.

На працягу многіх гадоў супрацоўнікамі музея вядзецца плённая праца па камплектацыі і захаванню гісторыка-культурнай спадчыны нашага раёна. На дадзены момант у Пружанскім палацыку захоўваецца каля дзевяці тысяч экспанатаў, якія адлюстроўваюць розныя перыяды гісторыі  і жыцця людзей Пружаншчыны. Значная частка фондавых калекцый сабрана жыхарамі раёна, тымі, хто неабыякавы да гістарычнай спадчыны Пружанскага краю, яго традыцый, шануе сваіх продкаў.

Прапануем  і сёння жыхарам горада і раёна прыняць удзел у гэтай выдатнай акцыі і папоўніць музей новымі экспанатамі. Гэта дапаможа не толькі разнастаіць музейную калекцыю і адчуць датычнасць да гісторыі роднага краю, але і будзе спрыяць папулярызацыі музейнай дзейнасці ў Пружанскім раёне, што, без сумлення, акажа станоўчы ўплыў на маральнае выхаванне падрастаючага пакалення. Узамен ваша імя назаўжды будзе занесена ў кнігу паступлення фондаў музея і такім чынам, вы пакінеце высакародны след у гісторыі нашага раёна.

У якасці экспанатаў могуць быць: старыя фатаграфіі, дакументы, кнігі, значкі, манеты, прадметы адзення, аксэсуары, музычныя інструменты, карціны, вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, посуд, прадметы побыту… Музей з радасцю прыме іх у дар. Стаўшы музейнымі прадметамі, гэтыя рэчы атрымаюць новае жыццё, будуць прадстаўлены на выставах і ў экспазіцыях музея.

Звяртацца па нумарах 9 03 06 ці 2 18 96

Галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы
«Пружанскі палацык»
Марына Каўтунюк

Добавить комментарий