Герб горада

3 мая 1588 г. уладальніца Пружан каралева польская і вялікая княгіня літоўская Ганна Ягелонка даравала гораду Магдэбургскае права разам са статусам, пячаткай і гербам: на срэбным полі — выява вужа блакітнага колеру з каронай на галаве, з пашчы якога з’яўляецца дзіця.

Праз год, 6 мая 1589 г. , кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт ІІІ Ваза граматай пацвердзіў прывілеі горада, зрабіўшы некаторыя змены ў гербе: карона з галавы вужакі “пераехала” на шчыт. Гэты дзень лічыцца афіцыйнай датай атрымання Пружанамі Магдэбургскага права.

За сваю гісторыю горад некалькі разоў змяняў герб. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай поле гербавага шчыта было падзелена на дзве часткі: у верхняй частцы быў змешчаны герб ВКЛ “Пагоня”, у ніжняй – зубр. У 1845 г. адбылася чарговая змена: у залатым полі герба размясцілі елку з паляўнічым рогам на галінцы. У хуткім часе на шчыце зноў з’явілася выява зубра. У 1921 г. урад Пілсудскага вярнуў гораду герб 1589 г., змяніўшы колер поля на зялёны, а ўнізе пад шчытом з’явіліся дзве пальмавыя галінкі. Гэты герб праіснаваў да 1939 г.

Наступныя гады Пружаны жылі без герба. І толькі ў 1998 г. было прынята рашэнне адрадзіць гістарычны герб Ганны Ягелонкі, які і сёння з’яўляецца асноўным сімвалам горада.

У фондах музея-сядзібы “Пружанскі палацык” захоўваюцца дакументы з выявамі гарадскога герба. Сярод іх – даведка аб удаўстве, выдадзеная магістратам горада 12 лютага 1929 г., на якім можна ўбачыць вядомую ўсім выяву вужа.

Добавить комментарий