Дзень роднай мовы ў палацыку

 

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гэтае свята было  абвешчана 17 лістапада 1999 года на 30-й сесіі ЮНЕСКА.

У гэты дзень у музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” адбылася сустрэча “Спрадвечная родная мова…”, прымеркаваная да Дня роднай мовы. Мерапрыемства наведалі студэнты Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа. Падчас сустрэчы вядучая пазнаёміла прысутных з цікавымі фактамі пра беларускую мову, якія вядомы не кожнаму беларусу, затым гастям прапанавалі выканаць займальны тэст па беларускай мове, знайсці беларускія адпаведнікі рускім словам.

У рамках акцыі “Перакладзі слова — успомні мову” супрацоўнікі Пружанскага палацыка прапанавалі наведвальнікам музея ўспомніць, як перакладаюцца і які сэнс маюць самыя простыя беларускія словы.

Прас, коўдра, дыван, канапа, патэльня, кафля… Усё гэта ёсць у кватэры сучаснага беларуса, але ці ведае ён, што гэта? Дзьмухавец, сланечнік, суніцы, парэчкі… Гэтыя расліны можна сустрэць паўсюль, але ці памятае ён што за яны? Кажаны, хрушчы, рапухі…  Ці разумее ён, што за жывёлы хаваюцца за такімі незвычайнымі назвамі?

Наведвальнікі музея з задавальненнем дэманстрыравалі свае веды беларускай мовы, частка з іх была прыемна здзіўлена і ўражана, што наша родная мова мае такія прыгожыя і адметныя словы. А мы ўпэўнены, што акрамя новых ведаў наведвальнікі атрымалі зарад добрага настрою і пазітыву.

Добавить комментарий