Дзень абаронцы Айчыны

Сярод велізарнай калекцыі паштовак у музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” напярэдадні 23 лютага нашу ўвагу прыцягнулі савецкія паштоўкі з Днём Савецкай Арміі і Ваенна-марскога флота. Такімі паштоўкамі яшчэ зусім нядаўна віншавалі нашых бацькоў і дзядуляў. І сёння многія з задавальненнем скарысталіся б такімі паштоўкамі, якія выдатна адлюстроўваюць культуру савецкіх часоў.

23 лютага па традыцыі лічыцца святам сапраўдных мужчын. У прыватнасці, тых, чыя праца ці служба звязана з міліцыяй, войскам ці пасадай вайскоўца.

Не многія ведаюць, што свята за ўвесь тэрмін свайго існавання некалькі разоў мяняла назву. У савецкія часы яго ведалі, як Дзень Савецкай арміі і Дзень Ваенна-марскога флота. У  1918 годзе, у перыяд з’яўлення гэтага свята, і да 1923 года яго называлі Днём перамогі Чырвонай арміі над кайзераўскімі войскамі Германіі. У 1923 годзе, калі ён быў названы Днём савецкага войска і Ваенна-марскога флота, гэтую дату зрабілі выхадным.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны 23 лютага не толькі ўрад, але і простыя грамадзяне дарылі ветэранам вайны гваздзікі і паштоўкі. Кожны школьнік савецкага часу памятае тыя дні, калі яму выдаваўся адрас ветэрана і грошы, на якія ён павінен быў набыць кветкі і паштоўку. Навучэнцы наведвалі ветэрана і віншавалі яго ад імя ўсёй школы. Акрамя гэтага, штогод у гэты дзень абавязковым мерапрыемствам было наведванне помнікаў загінулым салдатам Савецкай арміі і ўскладанне кветак. Увесь гэты працэс шанавалі да развалу Савецкага саюза. З гэтага часу гэты дзень перастаў лічыцца выхадным днём.

У 90-я гады свята атрымала назву Дзень абаронцы Айчыны. Цяпер прынята 23 лютага віншаваць усіх хлопцаў і мужчын, асабліва тых, хто служыць ці ўжо прайшоў службу ў войску.

Калі Беларусь была абвешчана незалежнай дзяржавай, свята назвалі Днём абаронцы Айчыны і Узброеных сіл Беларусі. У Рэспубліцы таксама захаваліся традыцыі віншаваць знаёмых мужчын і рабіць падарункі самым блізкім абаронцам айчыны.

Ва ўсе часы ў дадзенае свята ўносіліся розныя карэктывы, але самае галоўнае засталося  —  гэта яго дух. Як бы ні называлася свята, менавіта ў гэты дзень у бок мужчын гучаць самыя цёплыя пажаданні і дорацца падарункі, якія сімвалізуюць сілу.

Добавить комментарий