Сёння мы раскажам пра цацкі-свістулькі, якія сярод вялікай колькасці гліняных вырабаў у музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” займаюць ганаровае месца. І гэта невыпадкова.
Свістулька – адна з самых старажытных і шырока распаўсюджаных цацак, якія пераўтвараюцца ва ўмелых руках у музычны народны інструмент.
Гліняныя свістулькі з’явіліся яшчэ ў VIII ст. да нашай эры. Тады гэта быў магічны атрыбут, якім выклікалі ападкі ў летнюю спякоту.
Згодна са старажытнымі язычніцкімі ўяўленнямі, гліняныя цацкі выконвалі функцыю абароны чалавека ад усялякіх дрэнных сіл і кепскага ўплыву, іх свіст адганяў злых духаў.
Найчасцей цацкі выраблялі ў выглядзе фігурак людзей (продкаў). Бывала, што ў надзеі паўплываць на дабрабыт ляпілі выявы птушак і жывёл. Конь лічыўся сімвалам шчасця, з’яўляўся знакам Сонца і святла, фігуркі птушак сімвалізавалі дамашні ачаг і дабрабыт. А мядзведзь наогул лічыўся заступнікам беларусаў і ўвасабленнем сілы.
На жаль, вытворчасць глінянай цацкі не набыла на Пружаншчыне шырокай папулярнасці. Яе выраб спадарожнічаў ганчарству як пабочны занятак: пакуль гаспадар “выкручваў” ганчарны посуд, гаспадыня і дзеці ляпілі свістулькі. Як правіла, іх не размалёўвалі, а глазуравалі, як посуд, палівай, ці задымлялі.