Анлайн-праект «Што раскажа экспанат”

Сёння гаворка пойдзе пра школьную парту савецкіх часоў, якая захоўваецца ў фондах Пружанскага палацыка.

Пасля сялянскай рэформы 1861 года ў Расіі пачаўся педагагічны бум. Паўсюль адкрываліся народныя школы. Пры гэтым ніякай спецыяльнай мэблі ў класах не было: дзеці займаліся за сталамі, сядзелі на крэслах ці лавах.

На тое, што такая мэбля шкодзіць здароўю, звярнуў увагу пецярбургскі аўтальмолаг Фёдар Эрысман, які звярнуў увагу, што зрок у вучняў да выпускных класаў часта зніжаецца. Абследаваўшы вучняў 15 гімназій, у 1870 годзе ён апублікаваў працу «Пра ўплыў школы на паходжанне блізарукасці». А пасля прыдумаў першую канструкцыю парты, якая была названая яго імем.

Парта Эрысмана — гэта змацаваныя паміж сабой лаўка і стол. Стальніца нахіленая: вучань, седзячы роўна, бачыць кнігі і сшыткі пад прамым вуглом. Лаўка заходзіць за край стала, спінка падтрымлівае паясніцу, падстаўка дае ўпор нагам.

Але была адна праблема: аднамесныя парты каштавалі дорага і займалі занадта шмат прасторы. Патрабаваліся вялікія класы, каб размясціць усіх вучняў. Праз 15 гадоў праблему вырашыў сельскі настаўнік Пётр Караткоў.

Ён прыдумаў зрабіць парту двухмеснай, а таксама дадаў некалькі важных дробязяў: кручкі для сумак збоку, выемкі для чарніліцы і пёраў, паліцу для кніг пад вечкам. Само вечка Караткоў зрабіў адкідное. Цяпер вучань, устаючы для адказу, не вылазіў з-за парты, а адным рухам адкідваў уверх сваю палову стальніцы. У 1887 годзе Караткоў атрымаў патэнт на вынаходніцтва і медаль на Урала-Сібірскай саматужна-прамысловай выставе.

Школьная парта Эрысмана перажыла рэвалюцыю і перавандравала ў СССР. Менавіта яе можна ўбачыць у савецкіх фільмах прыкладна да сярэдзіны 1960-х: «Сябар мой, Колька!», «Вясна на Зарэчнай вуліцы», «Дзікі сабака Дынга», «Атэстат сталасці».

Да 1970-х гадоў парты сталі рабіць таннымі: рабілі з ДСП, скарацілі размерный шэраг, лаву замянілі крэсламі. У апошнім быў толькі адзін плюс: класы стала лягчэй прыбіраць. У астатнім жа здарылася тое, супраць чаго выступаў Эрысман: вучні атрымалі магчымасць адсоўвацца ад стала і мяняць позу, сталі горбіцца: мэбля часта не падыходзіла па росце. Раннейшыя парты яшчэ заставаліся ў пачатковых школах, потым толькі ў першых класах, а затым зніклі і адтуль.

Добавить комментарий