Анлайн-праект “Што раскажа экспанат”

Сёння гаворка пойдзе пра дзяжу, якая уяўляе сабою пасудзіну для заквашвання цеста. Гэты прадмет быў выраблены напачатку XX ст. народнымі майстрамі з дубовых паўкруглых клёпак, сцягнутых у верхняй і ніжняй частцы драўлянымі абручамі. Дежка мае форму звужанай уверсе шырокай бочкі, накрытай векам.

У сялянскім жыцці посуд быў вельмі разнастайны і зручны, бо прызначаўся для гаспадарчых патрэб. Аднак ён меў не толькі ўтылітарнае, але і сімвалічнае, абрадавае значэнне. Выкарыстанне дзяжы цесна звязвалася з культам хлеба. Дзежку як ёмістасць, у якой гатуецца такі важны для чалавека прадукт, як хлеб, вельмі паважалі ў вёсцы, таму ў сялянскай хаце ёй адводзілася асабліва ганаровае месца: на лаве пад абразамі. Калі дзяжа знаходзілася на покуці, то ўвасабляла рысы сонца як сімвалічнай мадэлі сусвету. Так, напрыклад, перад вяселлем маладая з дружкай хадзілі па хатах і запрашалі на свята, увайшоўшы ў дом, найперш кланяліся покуці і дзяжы, а ўжо потым – гаспадарам.

Выконвала дзяжа важную ролю і ў абрадзе вяселля. Яе выкарыстоўвалі для развядзення цеста пры выпечцы каравая, калі ён быў гатовы, то ставілі яго на века, куды насыпалі жыта. Гэты рытуал павінен быў спрыяць дабрабыту маладой сям’і. Існаваў яшчэ адзін  цікавы абрад — “Пасад на дзяжу”, які павінен быў выявіць “чысціню маладых”. Калі цнатлівасць не была захавана да вяселля, то жаніх і нявеста не мелі права сядаць на дзяжу. Бывалі нават выпадкі, што бацька не бласлаўляў сына, які адмовіўся сесці на дзяжу.

Маладая сям’я пераходзіць ў новую хату – дзежку адну з першых рэчаў урачыста ўносяць ў дом. Перш, чым пачаць выкарыстоўваць новую дзяжу па назначэнні, яе “прыручалі”: гэта значыць, ставілі на суткі побач са старой пад адной покрыўкай. Пра дзежку гаварылі з павагай: “Гаспажа – хлеба дзяжа”.

Лічылася, што дзяжа магла дапамагчы парадзісе: падчас цяжкіх родаў жанчыну саджалі на дзяжу, пры гэтым аналогія праводзілася наступная: калі пры дапамозе дзяжы “нараджаўся” хлеб, то яна павінна была паспрыяць і нараджэнню новага жыцця.

Дапамагала дзежка і пры барацьбе з дамавіком. Калі апошні заезджваў коней, неабходна было паставіць асвечаную свечку і накрыць яе дзежкаю. Конь пачынаў непакоіцца – гэта азначала, што на яго сеў дамавік, у такім выпадку дзяжу трэба было хутка зняць і пасвяціць на дамавіка свечкаю.

Вось такую важную ролю адыгрывала дзяжа ў розных народных рытуалах.

Добавить комментарий