Анлайн-праект «Што раскажа экспанат»

Сёння гаворка пойдзе пра шчыпцы для завіўкі валасоў.

Гэты прадмет быў выраблены ў 20-30-я гг. мінулага стагоддзя ў Польшчы з жалеза, дрэва і латуні.  Прылада, пры дапамозе якой ствараліся завіткі, мае выгляд двух крыжападобна змацаваных на шарніры стрыжняў, адзін з іх ад месца злучэння набывае форму жолаба. У ніжняй часткі стрыжняў знаходяцца драўляныя ручкі.

Яшчэ ў Рымскай Імперыі і Старажытным Егіпце жанчыны наносілі на валасы суспензію з вады і грунта, затым іх накручвалі на палачкі. Калі пад сонечнымі праменнямі валасы высыхалі, атрымлівалася ўкладка.

Калі ў моду ўвайшлі парыкі, прыгажуні эксперыментавалі з прычоскамі, не хвалюючыся аб уласнай шавялюры. Валасы парыка вымочвалі ў водна-шчолачным растворы, каб яны трымалі форму, завіток рабілі пры дапамозе нагрэтых металічных палачак або цвікоў.

У другой палове XIX ст. француз Марсэль Грато стаў вынаходнікам шчыпцоў для завіўкі валасоў. Падчас працы Грато выкарыстоўваў двое шчыпцоў: пакуль аднымі майстар рабіў укладку, другія награваліся на агні. Такім чынам, прычоска трымала форму доўгі час. Тэмпературу, дарэчы, правяралі, прыклаўшы шчыпцы да газеты, калі апошняя цямнела, значыць надышоў час завівацца. Шчыпцы атрымалі велізарную папулярнасць, не дзіўна, што Марсэль Грато праз некалькі гадоў стаў вельмі багатым. Таксама гэты чалавек з’яўляецца вынаходнікам тэхнікі “марсэльская хваля” — гарачай завіўкі валасоў, што была надзвычай папулярнай у 20-я гады мінулага стагоддзя. Нягледзячы на тое, што ў той час ўжо існавалі металічныя бігудзі, а таксама была вядома завіўка на папільоткі, найбольш запатрабаванай заставалася укладка хвалямі. У хатніх умовах укладку можна было зрабіць пры дапамозе металічных зажымаў, а вось прафесіяналы сваёй справы стваралі прычоскі пры дапамозе шчыпцоў “марсэль” на сухіх валасах.

У 1959 г. французскія вынаходнікі Рэнэ Лельеўр і Ражэ Лемуан запатэнтавалі першыя электрычныя шчыпцы, а праз два гады прыгажуні займелі магчымасць карыстацца плойкамі. З тых часоў прылады для завіўкі валасоў толькі ўдасканальваліся.

Добавить комментарий