Анлайн-праект «Што раскажа экспанат”

Сёння пойдзе гутарка пра прадмет побыту, без якога складана ўявіць паўсядзённае жыццё сучаснага чалавека, – прас.

Дакладна не вядома, дзе і калі з’явілася прылада, якую сёння прынята называць прасам. Упершыню на Русі слова “утюг” згадваецца ў XVII ст. у запісах царыцы Еўдакіі. У той час гэты прадмет быў вялікай раскошаю і з’яўляўся прыкметаю дабрабыту гаспадароў. Яго нярэдка выраблялі ў выглядзе пеўніка, аздаблялі разнастайным арнаментам і ставілі на пачэснае месца ў доме, вельмі часта – каля самавара. Выпускаліся і маленечкія прасы, якія з лёгкасцю спраўляліся з карункамі і дробнымі дэталямі на вопратцы.

Пазней пачалі з’яўляцца чыгунныя прасы. Яны нагадвалі невялікія печкі: унутр закладвалі распаленыя вуглі, а па баках праса былі адтуліны, што забяспечвала лепшую цягу. У тагачасным прасе дастаткова цяжка было рэгуляваць тэмпературу: для того, каб распаліць вугаль, які астыў, унутр праса дзьмулі або размахвалі ім. Нескладана здагадацца, што працэс прасавання быў вельмі трудаёмкі, таму гаспадыня павінна была быць надзелена фізічнай сілай.

Існуе цікавая акалічнасць… У 1901 г. рускага класіка Льва Талстога адлучылі ад рускай праваслаўнай царквы за ерэтычныя погляды. Тагачаснае грамадства па-рознаму рэагавала на гэту сенсацыйную падзею: хтосьці падтрымліваў пісьменніка, хтосьці абураўся на царкоўнікаў, а вось майстры, што займаліся вырабам чыгунных прасаў і былі на царквы, адрэагавалі па-свойму: пачалі наносіць на паддувала прасаў выяву Льва Мікалаевіча. Такім учынкам яны быццам бы змяшчалі пісьменніка ў гіену вогненную і паказвалі, што падобны лёс чакае кожнага, хто выступае супраць царквы.

Чыгунны прас на вуглях, прадстаўлены ў этнаграфічнай экспазіцыі Пружанскага палацыка, уяўляе сабою прыладу з клінападобным корпусам і трубкай для выхаду дыму. У пярэдняй частцы праса знаходзіцца запіраючая прылада крышкі, якая складаецца з клямкі і зашчэпкі-кручка. Дадзены прадмет быў выраблены ў другой палове ХІХ ст. у Расійскай імперыі.

Са з’яўленнем электрычнасці неабходнасць выкарыстання чыгуннага праса адпала, яго замяніла лёгкая і практычная сучасная прылада, якая значна спрасціла клопаты гаспадынь.

Добавить комментарий