Адкрыццё выставы “Дзіцячы погляд з вечнасці”

9 лютага ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” адбылося адкрыццё выставы “Дзіцячы погляд з вечнасці”, прымеркаванай да Года гістарычнай памяці, які абвешчаны з мэтай фарміравання аб’ектыўнага стаўлення грамадства да гістарычнага мінулага, што садзейнічае захаванню і ўмацаванню адзінства, дазваляе выхоўваць падрастаючае пакаленне на аснове культурных і маральных каштоўнасцей беларускага народа.

Падчас мерапрыемства асаблівая ўвага была нададзена тэме генацыда беларускага і яўрэйскага насельніцтва Пружаншчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Навуковы супрацоўнік Таццяна Васільеўна Антанюк распавяла прысутным пра гета, якое размяшчалася ў г. Пружаны, і трагічны лёс яго вязняў.

Немагчыма абмінуць увагай творчасць Мошэ Бернштэйна. «Дзіцячы погляд з вечнасці» – гэта дзесяць графічных работ з цыкла «Яўрэйскія дзеці» Мошэ Бернштэйна, што былі створаны ў 1973 г. Вялікі ілюстраваны планшэт з арыгінальнымі работамі і вершамі прэзентаваны музею Аўраамам Харшаломам, якога з Моше Бернштэйнам звязваў падобны лёс.

У ходзе сустрэчы перад прысутнымі выступіў пракурор Пружанскага раёна саветнік юстыцыі Аляксандр Міхайлавіч Вярбіцкі, які распавёў аб расследаванні новых фактаў дзейнасці нацыстаў на Пружаншчыне, адкрытых у 2021 г. Галоўны спецыяліст Аддзела культуры Пружанскага райвыканкама Наталія Сяргееўна Пракаповіч рассказала аб рабоце, што вядзецца для захавання памяці аб Вялікай Айчыннай вайне на Пружаншчыне.

Добавить комментарий