З 20 кастрычніка ў музее працуе выстава «Графіка Барыса Бокшы»

Графіка Барыса Бокшы.

20 кастрычніка ў музее-сядзібе “Пружанскі палацык” адбылася урачыстая імпрэза з нагоды адкрыцця выставы “Графіка Барыса Бокшы”. Гэта першая персанальная выстава мастака на малой радзіме. Для сталічных аматараў малюнка мастак ужо вядомы, летась у Палацы мастацтваў адбылася яго выстава.
Барыс Тімафеевіч Бокша нарадзіўся 20 верасня 1960 года у г.п.Шарашова Пружанскага р-на, у дванаццаць год ён з бацькамі пераехаў у г.Пружаны, дзе скончыў СШ.№2 .Потым быў Гродзенскі медінстытут і накіраванне у Гомель. З 1993 г жыве ў Мінску.

Са школы яго цягнула да малявання, ён занатоўваў у сваіх невялічкіх малюнках тое, што было побач, што яму бачылася непаўторна прыгожым – наваколле гораду, сядзіба дзеда, веска. У медінстытуце лепш за ўсіх атрымоўвалася маляваць анатамічныя выявы.Сур’езна пачаў займацца мастацтвам па савету і падтрымцы сяброў і на сёння “графічны стаж” мастака складае ўжо каля 20 гадоў.
На прэзентацыю выставы сабралася творчая інтэлігенцыя, мастакі і сябры Барыса Тімафеевіча. Шмат цеплых слоў – слоў захаплення і ўдзячнасьці пачуў мастак у гэты дзень. Паддтрымаць мастака прыйшлі і маладыя таленты з Пружанскай Школы мастацтваў імя Рыгора Раманавіча Шырмы. Хор Пакроўскай царквы в.Руднікі выканаў некалькі беларускіх і духоўных твораў, якія дазволілі паглыбіць успрыманне творчасці мастака ў кантэксце песні.
На выставе мастак прадставіў 30 сваіх новых і старых работ. Асобнае месца займаюць малюнкі з выявамі мясцовых славутасцей – Ружанскі палац, капліца Святога Казіміра ў Ружанах, вельмі уразіў наведвальнікаў “Куток чахецкага парку”, ну і зразумела, “Пружанскі палацык” – бо мала каго з тых, хто быў у Пружанах пакідае без уражанняў гэты будынак.
Агульнае, што можна сказаць пра работы Б.Бокшы – гэта вельмі творчы выбар аб’екта малявання, ў тым сэнсе, што пастаноўка на малюнку ўжо мае нейкую мастацкую каштоўнасць. Праз ўсе работы мастака праходзіць адзіная канцэпцыя – яго цікавасць да беларускага пейзажу, будзь то або старая панская сядзіба, або свіран у полі. Гэта ўсё прапускаецца мастаком праз нейкі невядомы “фільтр” і выдаецца на паперы з яскравымі падрабязнасьцямі аб’екта не бачнымі непадрыхтаваныаму воку. І менавіта манахром прыдае работам Б.Бокшы яшчэ большую непазнаную пазаграфічную паэтычнасць.
Пад вялікім уражаннем разыходзіліся госьці з адкрыцця выставы. Для мастака гэта найлепшая адзнака ягоных работ. Выстава будзе працаваць да сярэдзіны снежня, і як паабяцаў мастак, ён яшчэ не раз здзівіць пружанцаў новымі работамі і праектамі.. А нам застаецца пажадаць творцу здароў’я і посьпехаў ў галіне мастацтва і Многая лета.

На малюнках работы Б.Бокшы:
1 Палац Сапегаў у Ружанах. Каланада. Папера, пяро, туш. 2006 г.
2 Стары свіран у вёсцы Роскаш. Папера, пяро, туш. 2006 г.

Добавить комментарий