63 гады таму ўсё чалавецтва ўспрыняло палёт савецкага касманаўта Юрыя Гагарына як уласнае дасягненне.
“Чалавек у космасе!”, “Капітан зоркалёта – наш, савецкі!”, “Вялікая перамога розуму і працы!, «Свет апладзіруе Юрыю Гагарыну», «Скачок у сусвет», «12 красавіка 1961 года — таварыш, запомні гэты дзень!» — ніводны з гэтых газетных загалоўкаў і лозунгаў нават сёння не выглядае занадта пафасна або залішне перабольшана. Мы і сёння цалкам гатовы раздзяліць гэтае захапленне з тым пакаленнем.
Напярэдадні Дня касманаўтыкі фонды Пружанскага палацыка папоўніліся цікавым і рэдкім экспанатам – газетай “Камсамольская праўда” за 1961 год.
“Таварыш, запомні гэты дзень!» – звярталася «Камсамольская праўда» ў нумары ад 13 красавіка 1961 года да свайго чытача. Уся газета ад першага да апошняга радка прысвечана палёту касмічнага карабля «Усход».
«Чалавек у космасе! Капітан першага зоркалёта — наш, савецкі! Вялікая перамога розуму і працы. Свет апладзіруе Юрыю Гагарыну» – шапка нумара. На першай паласе размешчаны партрэт першага касманаўта, зварот Цэнтральнага камітэта КПСС, Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР і ўрада Савецкага Саюза да Камуністычнай партыі і народаў Савецкага Саюза, да народаў і ўрадаў усіх краін, да ўсяго прагрэсіўнага чалавецтва.
Паведамленне ТАСС не толькі перадае ўнутраную храналогію падзеі, але і адлюстроўвае яе разуменне, успрыманне, адчуванне людзьмі менавіта ў той дзень, 12 красавіка 1961 года. Цікава прачытаць яго, зважаючы на стылістыку, астранамічныя падрабязнасці, тэхнічныя характарыстыкі і, вядома, перадапошні абзац.
Усё па-сур’ёзнаму: шматступенчатая ракета, першая касмічная хуткасць, апагей, вугал нахілу плоскасці арбіты, частоты перадатчыкаў. І пры гэтым нічога не сказана пра час старту, працягласць палёту, месца старту і месца пасадкі — чаму?
Разварот газеты — карабль «Усход» на дзве паласы і рэакцыя людзей на падзею.
На апошняй паласе — рэпартаж з дому першага касманаўта і інтэрв’ю з яго жонкай Валяй і дачкой Леначкай.
“Гагарын… Колькі разоў назавуць зараз на Зямлі простае рускае прозвішча. Маёр Гагарын… А для яе ён — проста Юрась. А Леначцы ён — проста татка. А Зямля назаве яго Сынам і вечна будзе ганарыцца…”