Сёння спаўняецца 92 гады з дня нараджэння Мікалая Васільевіча Тарасюка — Народнага майстра Рэспублікі Беларусь, лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. З гэтай нагоды ў Пружанскім палацыку адкрылася выстава “Сялянскае жыццё ў творах Мікалая Тарасюка”.
На выставе прадстаўлена 30 кампазіцый майстра, выкананых у тэхніцы разьбы па дрэве, якія расказваюць пра цяжкае жыццё сялян. Гэтыя творы – сапраўдная сялянская энцыклапедыя, мастацкі аповед аб чалавеку-гаспадару, які спрадвеку працуе на роднай зямлі, каб працягвалася жыццё.
Цэнтральнае месца на выставе займаюць некалькі кампазіцый на тэму “Вяселле”. Менавіта з вяселля пачынаецца жыццё гаспадара, гэта падзея, якая вызначае яго далейшы жыццёвы шлях. Побач з вясельнымі сцэнамі размешчана кампазіцыя “Будоўля хаты”. Пасля вяселля для гаспадара найважнейшы клопат – пабудова ўласнай хаты. А разам з хатай будуецца новая сялянская сям’я.
Шмат на выставе кампазіцый, у якіх прадстаўлены разнастайныя карціны штодзённай сялянскай працы — «Ворыва», «Сяўба», «Стог сена»…
Чалавек абрабляе зямлю, каб атрымаць хлеб, які з’яўляецца сэнсам і вынікам яго сялянскай працы. Таму кампазіцыя “Млынарскі двор” нібы замыкае сабой у адзінае кола ўсе папярэднія кампазіцыі на тэму земляробчай працы.
Асобна на выставе стаяць кампазіцыі, на якіх паказаны віды жаночай працы. Жаночая доля сялянкі – апрацоўка лёну, прадзенне і ткацтва. Усё паказана вельмі дакладна: прылады працы, прыстасаванні, рухі рук. Прадстаўлены таксама кампазіцыі, якія нагадваюць і пра іншыя жаночыя абавязкі: драўляныя жанчыны таўкуць крупы ў ступе, мыюць бялізну, люляюць калыску з немаўлятам, паспяваючы пры гэтым прасці кудзелю.
Не бывае працы без свята, а свята без працы. Выстава не была бы завершанай, калі б на ёй не знайшлося месца творам на тэму вясковых святаў і вячорак.
Запрашаем усіх жадаючых пагрузіцца ў незвычайны свет сялянскага жыцця, наведаўшы выставу майстра.