Справаздача за студзень 2014!

НАВІНА №0, 2014

 Добрыдзень, паважаныя наведвальнікі!

Нарэшце, прачнуліся ад доўгай on-line дрымоты!

ЗАПРАЦАВАЎ  САЙТ ! (Пакуль — у тэставым рэжыме)

УРА! (3 разы) Працяглыя апладысменты! 

Усё здарылася нечакана, дзякуючы настойлівым намаганням дырэктара Рэсурснага цэнтра інфармацыйных тэхналогій аддзела адукацыі, спорту і турызму Пружанскага райвыканкама — Мікалаю Міхайлавічу Бегеру.

Буйныя працяглыя апладысменты, усе ўсталі!

Настаў час распавесці, што новага адбылося з пачатку года ў музеі.

Па-першае, наўздагон кітайскаму Новаму году, успомнім пра свята «Беларуская ялінка», якое штогод арганізоўвае ў музеі пружанская раённая арганізацыя «Таварыства беларускай мовы імя Францыка Скарыны» пры падтрымцы прадпрымальнікаў горада і пружанскай абшчыны Евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Другі год запар мерапрыемства праходзіць пад Стары Новы год і з’яўляецца міжканфесіянальным. У гэты раз, акрамя нядзельных школ Пружанскага касцёла і Нава-Засімавіцкага праваслаўнага прыходу, у ім прыняла ўдзел маладзёвая група ЕХБ. Як і заўсёды — асноўнае напаўненне імпрэзы ўтрымлівала лёгкі сінтэз святкавання Новага году і Калядаў (Свята Божага Нараджэння). Дзеці вадзілі карагоды, спявалі песні, гулялі з Дзедам Марозам, паказвалі падрыхтаваныя тэатралізаваныя кампазіцыі на біблейскія тэмы. Напрыканцы — усе атрымалі салодкія і каштоўныя падарункі.

Артыкул аб падзеі ў «Раённых буднях» http://www.budni.by/?p=7691

Па-другое, амаль незаўважанай прайшла прэзентацыя праекта аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама  — «Вясковы рэнесанс» (кіраўнік — Ларыса Быцко).

Праект прысвечаны зберажэнню лакальнай самабытнай культуры в. Стойлы і прылеглых да яе вёскак: Шчарбы, Чабахі, Галасяціна, Ганчары, Брады, Шчарчова.

У праекце  прымуць удзел вучні  Шчарчоўскай сярэдняй школы,  творчая інтэлігенцыя з гг.Пружаны, Брэст, Мінск і этнічныя беларусы з Польшчы,  неабыякавыя да лёсу музея Народнага майстра Рэспублікі Беларусь М.Тарасюка «Успаміны Бацькаўшчыны» і лакальнай этнічнай культуры ў цэлым.

Пад час праекту плануецца вывучэнне лакальнай культуры в.Стойлы і прылеглых вёсак, стварэнне па выніках даследванняў карты вёскі Стойлы 50-х гадоў XX стагоддзя і яе ўстаноўка, кансервацыя работ Мікалая Тарасюка, выраб  і устаноўка памятнага крыжа вёскі, і нарэшце,  правядзенне ў траўні свята “Я родам са Стойлаў” .

Прэзентацыя праекту складалася з дзвюх частак:  першая частка праходзіла ў в.Стойлы – азнаямленне з населеным пунктам, з Міколам Тарасюком, з некаторымі мясцовымі жыхарамі.

У СТОЙЛАХ:

Другая – ладзілася ў «Пружанскім палацыку» з удзелам Мікалая Тарасюка і мясцовай інтэлігенцыі. Прыехалі на імпрэзу госці з Мінска і Брэста: — Галіна Верамейчык, кіраўнік прадстаўніцтва ў Беларусі нямецкай асацыяцыі народных ўніверсітэтаў, Станіслаў Рачэўскі, першы прарэктар Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Было шмат выступоўцаў і цёплых слоў, якія атагрэлі ўдзельнікаў паездкі ў в.Стойлы.

Безумоўна, галоўная роля ў праекце адведзена М.Тарасюку і яго музею. Пра гэта шмат гаварылі, а асноўны рухавік праекту  — Ларыса Быцко, якая чарговы раз рупліва  падняла пытанне пра будучыню  калекцыіі «дзеда Тарасюка». І гэта патрэбная справа.

Мікалай Васільевіч  падараваў музею адну з сваіх апошніх работ. Сёння ў фондах музея-сядзібы “Пружанскі палацык” ўжо 101 твор майстра.

 

 

 

 

 

Трохі фота  ў музеі:

 

Па-трэцяе (і апошняе) ў музеі прайшоў «Кірмаш праектаў», які зладзіла грамадска-культурніцкаяKirmash - afisha кампанія «Будзьма!» пры непасрэдным ўделе супрацоўнікаў музея (якія прадставілі аж 5 праектаў). Былі прадстаўленыя праекты навучэнцаў  Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа, пенсіянераў, настаўнікаў і інш.

Усё было актуальна і цікава!

Дзякуй ўсім прысутным, што прыйшлі ў такі моцны мароз на імпрэзу, думаем, што ніхто не пашкадаваў!

Больш падрабязней тут:

http://pruzhany.net/2014/01/31/kirmash-praekta-pryezentacyi-i-galasavanka-gledacho.html

Фота тут:

https://www.facebook.com/media/set/?set=a.270682239775513.1073741829.264015053775565&type=1

 

Добавить комментарий