Сэлфі па-каралеўску. У Палацыку ўзнагародзілі пераможцу флэшмоба

«Хто ваўкоў баіцца, па ягады не ходзіць», — упэўнена сказала сабе гімназістка Яна Шчарбанёва і вырашыла прыняць удзел у міжнародным флэшмобе #MuseumSelfieDay-2018.


Уласна кажучы, рызыкаваць дзяўчынцы не давялося. Дастаткова было прыйсці ў музей-сядзібу «Пружанскі палацык» (ён штогод далучаецца да міжнароднай сэлфі-акцыі), зрабіць сэлфі на фоне любімага экспаната і апублікаваць здымак у Facebook, Twitter, Instagram з пэўным хэштэгам. Так Яна і зрабіла. І мела рацыю: дзяўчынка была прызнана пераможцай і атрымала ад арганізатараў памятныя прызы, адзін з якіх – гэта сямейны сертыфікат на бясплатнае наведванне ўсіх выстаў і мерапрыемстваў, якія будуць ладзіцца ў палацыку на працягу 2018 года.
Некалькі слоў пра сам здымак. Што цікава, у якасці лепшага фону для свайго фота Яна Шчарбанёва абрала не прыгожы пяшчотны пейзаж ці фігурнае «каралеўскае» крэсла XIX ст., а вялізны партрэт свайго цёзкі — караля польскага і вялікага князя літоўскага Яна III Сабескага. І свой нечаканы выбар патлумачыла такім чынам:
— А Вы толькі паглядзіце на карціну! Як кароль выдатна выглядае! Калі фатаграфавацца, то толькі з ім! Пры Яне Сабескім Рэч Паспалітая зведала сапраўдны ўздым. Гэты кароль увайшоў у гісторыю як выдатны палкаво-дзец, мецэнат, апякун навукі і мастацтва ў Рэчы Паспалітай. А я — адданая прыхільніца мастацтва. Пэўны час вучылася па суседстве з палацыкам — на мастацкім ад-дзяленні школы мастацтваў, якая тады размяшчалася ў паркавым флігелі, і заўсёды прыходзіла на адкрыццё выстаў. Памятаю, як прыязджалі мастакі нават з Мінска і малявалі нашы партрэты з натуры. Бывала, мы выносілі мальберты і самі ладзілі пленэры ў парку. Вакол такая прыгажосць! Пройдзеш сотню метраў па алеі і ўжо атрымаеш вялікае натхненне. Мая сястрычка, на жаль, цяпер вучыцца ў іншым будынку, дзе няма той асаблівай атмасферы..
Дадамо, што Яна Шчарбанёва любіць не толькі мастацтва, але і гісторыю. Неаднаразова прымала ўдзел у школьных і раённых алімпіядах па гісторыі і заваёўвала прызавыя месцы. Кароль Ян, жыві ён сёння, мог бы ёю ганарыцца!
Алена ЗЯЛЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Крыніца: «Раённыя будні»   http://www.budni.by/?p=27747

Добавить комментарий