У музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” зноў працуе выстава. На гэты раз выстаўляе свае работы ўраджэнец вёскі Кавалі, а зараз жыхар Санкт-Пецярбургу мастак Дзмітрый Якуцэня.
Адкрыццё выставы было ўрачыстым. Дзмітрыя Васільевіча вітаў народны камерны хор Палаца культуры пад кіраўніцтвам Якава Малайчука, танцоры харэаграфічнага аддзялення ДШМ імя Шырмы. Шмат цёплых слоў была сказана ў адрас мастака гасцямі, сярод якіх былі пружанская паэтка Ніна Дыдышка, народны майстар Марыя Кулецкая, клірык Свята-Мікалаеўскай царквы айцец Аляксандр, выкладчыца аграрна-тэхнічнага каледжа Вольга Балабушка і яе навучэнцы, галоўны рэдактар газеты “Раённыя будні” Мікола Антаноўскі…
Усе, хто браў слова, засяроджвалі ўвагу на тым, што творы Дзмітрыя Васільевіча нясуць у сабе духоўнасць і чысціню. І сапраўды, карціны перадаюць светлы настрой не толькі таму, што на многіх з іх прысутнічаюць храмы, уся іх атмасфера працята спакоем і супакаеннем.
Выстава носіць назву “Паўночныя пейзажы”, і ўсе карціны напісаны ў Расіі, тым не менш, у пейзажах кожны з прысутных бачыў нешта знаёмае. Паварот ракі, ускраек лесу, стог сена – здаецца, што ўсе яны нясуць у сабе наш, беларускі, пружанскі адбітак.
Вясной Дзмітрый Васільевіч выстаўляўся ў палацавым комплексе Сапегаў у Ружанах. Рэшткі палаца натхнілі мастака, і зараз ён плануе заняцца беларускімі пейзажамі, на якіх абавязкова будуць прысутнічаць жамчужыны архітэктуры. У сваім зваротным слове да гасцей Дзмітрый Якуцэня зазначыў, што вельмі любіць беларускую гісторыю і што ВКЛ заўжды на сто гадоў апярэджвала Масковію.
Вельмі спадабалася мастаку зала, у якой вывешаны яго творы. Для карцін, выкананых на пленэры, важна, каб і ў зале было шмат святла, таму выстава выдатна ўпісалася ў сценах палацыка, у час адкрыцця спрыяла гэтаму і надвор’е.
Дзмітрый Васільевіч прызнаўся, што часам не можа растлумачыць, як ён працаваў над карцінай, такое натхненне апаноўвае яго ў гэты час, што ён нават лічыць гэта боскім дарам.
Сярод 30 пейзажаў ёсць досыць знакаміты трыпціх “Успаміны аб Царскім сяле”. Трыпціх быў дыпломнай работай мастака і атрымаў шмат станоўчых водгукаў ад крытыкаў.
Выстава будзе працаваць на працягу месяца. Калі вам не хапае святла, чысціні і спакою – абавязкова наведайце музей-сядзібу “Пружанскі палацык” у бліжэйшы час.
Кацярына Пашкевіч, Аляксандр Мелеш (фота).