РАЙСКІ САД

У музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” прадстаўлены ўнікальны праект “Райскі сад” — перасоўная выстава твораў мастацкага тэкстылю маладых беларускіх мастакоў і дызайнераў. Арганізатарам праекта з’яўляецца ТАА “Белбрэндаўдыт” у рамках творчай ініцыятывы “Арт Лакацыя”.

У музеі прадстаўлены работы Хрысціны Высоцкой, Наталлі Лісоўскай, Веранікі Рассыльнай, Аліны Самсонавіч, Аліны Швайбовіч, Мар’яны Карповіч, Аляксандры Наркевіч, Марыны Грудзінавай, Веранікі Грынцэвіч, Марыі Разумовіч, Алены Пухоўскай, Алены Круковіч, Судэ Дадраса (Іран / ЗША), Мануэля Вандла (Аўстрыя) і STEFAN «SecretSpaces» (Германія).

Напэўна, у жыцці кожнага чалавека ёсць перыяды, калі хочацца схавацца ад знешняга свету, трывог і хваляванняў. У такі час кожны шукае месца для душэўнага і цялеснага адпачынку. Адсюль нарадзіліся ідэя і назва выставы. Паняцце “райскі сад” або “Эдэм” у свецкай культуры часцей за ўсё абазначае ідэальнае месца для жыцця, а ў хрысціянскай – Царства Нябеснае.

Сёння, калі звыклы ўклад жыцця бурыцца, хочацца растварыцца ў прыроднай прыгажосці, набрацца сіл і рухацца далей, захаваўшы ўнутры сябе пачуццё красы. Не выпадкова для выставы быў абраны такі від сучаснага мастацтва, як мастацкі тэкстыль.

Ва ўсе часы нітка з’яўлялася вобразам магічным і сімвалічным. У культуры розных народнасцей з ёю былі звязаны ўстойлівыя ўяўленні аб жыцці і лёсе чалавека. У старажытнасці праллі і ткачыхі з-за сакральнасці працэсу прадзення і ткацтва ў міфапаэтычных вобразах прыраўноўваліся да дэміурга, так сучасны мастак у канцэпцыі праекта паўстае перад гледачом стваральнікам выставачнай рэальнасці.

Выстава “Райскі сад” задумвалася як спроба стварыць ідэальны свет-утопію, але ідэйнае напаўненне выставы атрымалася больш складаным і змястоўным. У творах, прадстаўленых на выставе, ёсць разважанні на тэму прыгажосці свету, закранаюцца вечныя пытанні кахання і радасці, дабра і зла, чалавечых заганаў.

Часткай выставачнага праекта “Райскі сад” стаў куратарскі міжнародны праект сучаснага мастацтва тэкстылю і мікс-медыа “Тут, там і паўсюль” (“Here, There and Everywhere”) Хрысціны Высоцкай. Праз прызму сучаснасці аўтары звяртаюцца да адвечных пытанняў жыцця і агульначалавечых каштоўнасцей, уздымаюцца тэмы прыгажосці, сілы прыроды і ўсяго жывога, закранаюцца біблейскія сюжэты, тэмы аб бязмежнасці космасу…

Кожны з аўтараў па-свойму даследуе магчымасці тэкстылю.
Дзякуючы праекту “Тут, там і паўсюль” канцэпцыя выставы “Райскі сад” набывае праблемны характар і выходзіць за рамкі толькі вобразнага куратарскага выказвання.

Міжнародны праект дэманструе актуальную карціну сучаснага развіцця мастацтва тэкстылю з розных куткоў Зямлі. Творы ўдзельнікаў праекта адлюстроўваюць новы погляд на старадаўнія традыцыі мастацтва тэкстылю, яго пераасэнсаванне ў іншых кірунках мастацтва і мікс-медыа.

У праекце на першы план выходзіць ідэя шматпланавасці сучаснага мастацтва тэкстылю. Мастак ставіць перад сабой творчыя задачы і вырашае іх самымі нечаканымі сродкамі. Мэта праекта заключаецца ў паказе ўнікальнага бачання мастацтва тэкстылю, непаўторнага стылю і духу творчасці кожнага аўтара.

Выстава “Райскі сад” будзе працаваць у палацыку да 1 кастрычніка. Запрашаем усіх зацікаўленых наведаць музей і адрымаць станоўчыя эмоцыі ад выставы.

Добавить комментарий