Упершыню ў Пружанах у якасці аздаблення свята былі выкарыстаны кітайскія ліхтарыкі. Прыгожа і крышачку таямніча ляцелі яны ў вячэрнім небе над дахам палацыка, нібы вялікія светлячкі. Але імі святкаванне не заканчвалася і не пачыналася.
А на пачатку…
Святкаванне 20-годдзя музея-сядзібы “Пружанскі палацык” пачалося з прэзентацыі новай кнігі нашага земляка Леаніда Несцерчука “Беларусь у вайне 1812 года. Паміж Напалеонам і Аляксандрам”. Леанід Міхайлавіч нарадзіўся ў вёсцы Гарадзечна, ля якой адбылася адна з важных бітваў вайны з Напалеонам. З пакалення ў пакаленне перадаваліся ў вёсцы страшныя гісторыі тых часоў. Леанід Міхайлавіч у кнізе апісаў ваенныя падзеі менавіта на тэрыторыі Беларусі, але, каб знайсці пэўныя факты, яму давялося працаваць у архівах Парыжа.
Шмат цікавых гістарычных фактаў распавёў аўтар кнігі падчас прэзентацыі. Дапамаглі пранікнуцца атмасферай пачатку ХІХ стагоддзя беларускія песні тых часоў, што пад акампанемент Святланы Казей выконвала Святлана Машкала.
Леанід Міхайлавіч адзначыў, што ён не прызнае плётак у гісторыі, таму яго кніга, як і ўсе папярэднія, заснавана выключна на дакладных фактах. Дасягнуць гістарычнай праўды Леанід Несцярчук будзе спрабаваць і ў наступным сваім творы – у задумках гісторыка кніга аб Міхаіле Клеафасе Агінскім.
Многія з прысутных вырашылі падзяліцца сваімі ўражаннямі ад прэзентацыі і мінулых работ Леаніда Несцерчука. У падтрымку яго творчасці выступіла віцэ-консул Ра-сійскай Федэрацыі Алена Маслава, старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў культуры Галіна Крынец, святар Міхаіл Носка, настаўнікі школы ў Гарадзечне і іншыя.
Пасля прэзентацыі музей адчыніў свае выставы. Для тых, хто быў у палацыку ўпершыню, цікавымі былі ўсе пакоі. Сталыя жыхары горада захапляліся экспазіцыяй і шкадавалі, што столькі часу абміналі музей сваёй увагай. Пастаянных наведвальнікаў жа найбольш зацікавіла выстава старых рэчаў, якімі некалі карысталіся пружанцы, а пасля гэтыя рэчы былі знойдзены нашчадкамі на гарышчах. Выстава была падрыхтавана менавіта да 20-годдзя музея і знаходзіцца ў склепе палацыка, што яшчэ дабаўляе інтрыгі.
Далей гасціная палацыка ператварылася ў тэатральны салон. Артысты Палаца культуры паказалі жарт у адным дзеянні А.П. Чэхава “Прапанова”. Гледачам прыйшлася да спадобы ігра пружанскіх артыстаў. Па завяршэнні дзеі ў гасцінай гучалі працяглыя апладысменты.
Падчас святочных мерапрыемстваў дырэктар музея-сядзібы “Пружанскі палацык” Юрый Зялевіч неаднаразова падкрэсліваў, што музея не было б без неабыякавых грамадзян, якія дзяліліся экспанатамі, ідэямі, аказвалі падтрымку. Такія аматары даўніны сабраліся на “круглы стол” аб мінулым, сучасным і будучым палацыка. Дарэчы, на канферэнцыі абмярковалася будучыня ўсёй музейнай сеткі раёна. Сярод прапаноў, агучаных на “круглым стале”, стварэнне музея лесу, музея-мастэрні ганчара, адкрыццё яўрэйскай бібліятэкі ў будынку былой сінагогі, арганізацыя музея Крашэўскага ў Доўгім і многія іншыя. Краязнаўцы раёна ўпэўнены, што ў недалёкай будучыні іх ідэі ўвасобяцца ў жыццё.
Пад вечар на пляцоўцы перад палацыкам сабралася шмат гледачоў: у восем гадзін пачаўся святочны канцэрт.
Паміж выступленнямі мастацкіх калектываў Пружаншчыны на сцэну паднімаліся госці. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі К.І Панімаш уручыў калектыву музея Грамату райвыканкама і памятныя падарункі. Паведаміў Канстанцін Іванавіч прыемную навіну для ўсіх прысутных: да канца года на рамонт музей-сядзіба атрымае 120 мільёнаў рублёў.
Запрошаны былі на мерапрыемства былы начальнік аддзела культуры Ю.М. Котаў і адзін з былых дырэктараў музея І.С. Машкала. Юрый Міхайлавіч успамінаў, колькі намаганняў давялося прыкласці, каб будынак палацыка не прыйшоў у заняпад, а быў адрэстаўраваны. Значную дапамогу ў перакананні мясцовых улад тады прыклала наша зямлячка, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Алена Аладава. У падарунак Юрый Міхайлавіч перадаў музею юбілейны медаль да 2000-годдзя хрысціянства. Юрый Котаў падзякаваў калектыву музея за вялікую краязнаўчую работу, за цікавыя знаходкі. Сярод апошніх значных адкрыццяў – дакумент, у якім узгадваюцца Пружаны: згодна з ім, наш горад, аказваецца, старэйшы як мінімум на 32 гады!
Іосіф Станіслававіч зазначыў, што ён быў “дырэктарам ідэі”, бо ў час яго дырэктарства яшчэ не было будынка, замацаванага за краязнаўчым музеем. Ён выказаў словы падзякі старшыні былога грамадскага аб’яднання “Спадчына” І.Ю. Здановічу. Іосіф Станіслававіч таксама перадаў музею каштоўныя экспанаты: старажытныя дакументы, адзін з якіх датуецца 1717 годам.
Прыехалі павіншаваць калег госці з Брэста – загадчык філіяла “Мастацкі музей” Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея В.В. Гуляеў і старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі “Беларускі саюз мастакоў” М.І. Гуршчанкоў. У палацыку сустрэліся і два пецярбуржцы – наш зямляк мастак Іван Чарнякевіч і старшыня праўлення таварыства перасоўных выстаў Валерый Выбаржанін. Валерый Мікалаевіч адзначыў, што таварыства рыхтуе 48-ую выставу, спецыяльны праект для Беларусі “Замкі Нясвіжа”.
Канцэрт мясцовай самадзейнасці працягнуўся выступленнем сталічнага ансамбля “Крэсіва”. А ўсе жадаючыя маглі знаё-міцца з экспазіцыяй музея ажно да апоўначы.
Кацярына Пашкевіч, Аляксандр Мелеш (фота).