Мастак з Пружан

7 лютага спаўняецца 85 год з дня нараджэння вядомага мастака Рыгора Піліпавіча Печнікава.

Рыгор Піліпавіч нарадзіўся ў 1940 годзе ў Гомелі. У гэтым жа годзе яго сям’я праехала ў Пружаны. Цікавасць да малявання з’явілася падчас вучобы ў сярэдняй школе №2, дзе будучы мастак афармляў школьныя газеты і прымаў удзел у мастацкіх конкурсах. У 1960 годзе паступіў на вячэрняе аддзяленне Мінскага мастацкага вучылішча, працуючы мастаком-афарміцелем на заводзе. Праз тры гады паступіў на аддзяленне “Графіка” Мінскага тэатральна-мастацкага інстытута.

У 1969 годзе Рыгор Піліпавіч вярнуўся ў родны горад. Тут працаваў мастаком на радыёзаводзе, настаўнікам малявання і чарчэння ў школах раёна.

У 1988 годзе ў Дзіцячай школе мастацтваў імя Р.Р. Шырмы было адчынена выяўленчае (мастацкае) аддзяленне. Яго першым педагогам стаў Рыгор Піліпавіч Печнікаў, які вучыў дзяцей малюнку, жывапісу, станковай кампазіцыі. За час працы выкладчыкам у Пружанскай школе мастацтваў Рыгор Піліпавіч падрыхтаваў шматлікіх таленавітых вучняў: Віталь Раманоўскі, Наталля Грыцко, Эдуард Валасевіч, Кацярына Бушук і інш. У апошнія гады жыцця мастак займаўся напісаннем ікон.

З многімі творамі мастака жыхары горада сустракаюцца і сёння. Гэта і інтэр’еры гарадскіх школ, і музей аграрна-тэхнічнага каледжа, і павільёны гарадскога рынку. Па яго праекту былі выкананы царскія вароты Свята-Мікалаеўскай царквы ў Засімавічах, іканастас Свята-Пакроўскай царквы ў Гарадзечна, пабудаваны помнік С.М. Гудзімаву ў скверы горада, які, дарэчы, у свой час заняў першае масца на ўсесаюзным конкурсе самадзейных помнікаў.

Пружанскі палацык таксама беражліва захоўвае работы мастака, якія былі ім створаны ў 1960-1970-я гады. Асноўная іх частка — гэта замалёўкі вуліц горада і накіды людзей. Прадстаўляем вашай увазе некаторыя з іх.

Добавить комментарий