Мастак-самавучка з Пружан

18 мая споўнілася 35 год з дня смерці беларускага мастака, ураджэнца Пружан Андрэя Васільевіча Павука. 

Жыццё будучага мастака было вельмі складаным. Падчас Першай сусветнай вайны сям’я выехала ў бежанства. Пасля вайны васьмігадовы хлопчык вярнуўся ў Пружаны, дзе жыў на міласціну, працаваў пастухом і ганчаром.

У 18 гадоў Андрэй адмовіўся ад службы ў польскай арміі, так як быў перакананым вернікам-эвангелістам. За гэта атрымаў два гады турэмнага зняволення. Менавіта ў турме ад польскага мастака Людвіка Шандароўскага навучыўся таінствам пэндзля і фарбаў.

Хлопец быў рознабакова развітым чалавекам. Закончыў рэгенцкія курсы. Быў цудоўным музыкантам. Віртуозна іграў на скрыпцы, мандаліне, гітары, піяніна, добра ведаў музычную грамату.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны мастак не быў вольны ў сваім мастацтве. Ён шмат маляваў па заказу — рабіў копіі з фатаграфій і малюнкаў. Дзякуючы гэтаму меў магчымасць купляць фарбы.

Пасля вайны Андрэй Павук скончыў пэдагагічныя курсы, два гады працаваў настаўнікам пачатковых класаў у вёсцы Сланімцы. Пасля выкладаў маляванне ў Пружанскім педвучылішчы. Але кожны раз мастака звальнялі па адной прычыне: за рэлігійныя перакананні.

Каб утрымліваць сваю сям’ю і трох дзяцей, 40-гадовы Андрэй пайшоў працаваць фатографам, а пасля — тынкоўшчыкам па вайсковых часцях. Адно падтрымлівала Андрэя Васільевіча ўвесь гэты час — любоў маляваць.

Маляваннем займаўся ўвесь вольны час. Маляваў на любым падручным матэрыяле: фанэры, дрэве, палатне, кардоне. Малюнкі вазіў на продаж у Бярозу, Пінск, Маларыту, Брэст. На грошы ад удала прададзеных малюнкаў жыла сям’я і закупаліся новыя фарбы. Маляваў мастак “для душы” – любімыя пейзажы, вуліцы, хаткі землякоў… Менавіта дзякуючы нястомным рукам гэтага мастака, пружанцы сёння маюць магчымасць убачыць свой горад у 1940-1950-я гады.

Памёр Андрэй Васільевіч 18 мая 1990 года. Яго мара так і не збылася — у Саюз мастакоў Беларусі ён не быў прыняты.

Сёння творы мастака захоўваюцца ў сям’і, у прыватных калекцыях вернікаў-эвангелістаў, а таксама ў Пружанскім палацыку.

Добавить комментарий