Сустрэча з паэткай — гэта заўсёды захапляльны вопыт, магчымасць пазнаёміцца з новымі кнігамі і героямі, даведацца больш пра творчую прафесію, а таксама прыняць удзел у цікавым абмеркаванні, асабліва калі паэтка — наша зямлячка.
23 красавіка ў Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М. Засіма адбылася творчая сустрэча з паэткай Аленай Котавай. Алена Аляксандраўна нарадзілася ў 1979 г. у Пружанах. Сёння паэтка жыве ў Кобрыне, працуе ў школе настаўнікам англійскай мовы.
Вершы Алена Котава піша на рускай, беларускай і нават на англійскай мовах. Удзельнікі сустрэчы пачулі ў гэты вечар іх нямала: пра каханне і сяброўства, пра вернасць і шчасце, пра родныя мясціны і прыгажосць прыроды. А з якой цеплынёй і пяшчотай расказвала паэтка пра сваіх родных!
Падчас творчай сустрэчы Алена Аляксандраўна пазнаёміла прысутных са зборнікамі вершаў “Английский через рифмы”, “Нежное соцветие”, “Бабуліны рукі”, а таксама прэзентавала новы зборнік “А у меня пружанская душа”. Апошні зборнік стаў для нас прыемным сюрпрызам – на вокладцы размешчана выява палацыка.
Сустрэча з паэткай прынесла нам шмат станоўчых эмоцый і стала для нас дзіўным і цікавым адкрыццём. А фонды музея папоўніліся новымі экспанатамі.