Анлайн-праект «Што раскажа экспанат”

Сёння гаворка пойдзе пра яшчэ адзін  музычны інструмент – цытру.

Гэты струнны шчыпковы музычны інструмент быў вядомы з даўніх часоў. Ужо ў XVI стагоддзі ў Еўропе цытра была другой па папулярнасці пасля лютні. Але сваё другое нараджэнне яна атрымала ў XVIII стагоддзі, калі цытру амаль адначасова ўдасканалілі два незнаёмыя адзін з адным майстры — немец Сіман і аўстрыец Кіндл. Да гэтага часу адносіцца росквіт цытры, на якой з задавальненнем гулялі і каранаваныя асобы, і просты люд.

Цытра мае плоскі драўляны корпус няправільнай формы, над якім нацягнута ад 17 да 45 струн (у залежнасці ад памеру інструмента). Некалькі бліжэйшых да выканаўцы струн (звычайна 4-5), нацягнутых над грыфам з металічнымі ладамі, зашчыпваюцца надзетым на вялікі палец правай рукі плектрам, на іх і выконваецца мелодыя. Астатнія струны служаць для акордавага суправаджэння.

Вылучаюць розныя віды цытраў: дыскант-цытра, басовая, канцэртная і інш. Цытра часцей за ўсё саліруе ў аркестравых творах і сваімі гукамі проста зачароўвае. Дарэчы, старадаўні соннік абвяшчае: калі вам прысніцца, што вы іграеце на цытры — вас чакаюць любоўныя перажыванні, а калі ў сне вы пачуеце гукі гэтага інструмента — вялікае каханне…

У 2014 годзе пошта Аўстрыі змясціла малюнак цытры на спецыяльных марках, якія ўвайшлі ў серыю штогадовых марак еўрапейскай паштовай асацыяцыі PostEurop. У 2019 годзе да свайго 310-годдзя Мейсенская фарфоравая мануфактура выпусціла ў працяг серыі «Малпавы аркестр» фігурку малпы з цытрай у лапах.

Цытра, якая захоўваецца ў Пружанскім палацыку, датуецца першай паловай ХХ стагоддзя і была прывезена з Германіі.

Асноўная частка — рэзанатарны корпус — уяўляе сабой плоскую скрыню арфападобнай формы, якая складаецца з дзвюх фігурных дэк, змацаваных абегайкамі. Над верхняй было нацягнута 25 металічных струн.

Перпендыкулярна струнам замацаваны дошчачкі-«прапаны». На іх налеплены вузкія палоскі паперы з указаннем танальнасці і ступені. Верхняя дэка ўпрыгожана намаляваным  алейнымі фарбамі букетам руж. У глыбіні корпуса маецца надпіс на англійскай мове: «First class guality. Auto Harp. Made in Germany » — «Першы клас якасці. Аўто Арфа. Зроблена ў Германіі».

Вядома, няўмольны час унёс пэўныя карэктывы ў яго гучанне, тым больш, што дзве струны не захаваліся. Але, паверце, у руках сапраўднага майстра гэтая цытра яшчэ можа даць цудоўны канцэрт.

Добавить комментарий