Адбылася прэзентацыя беларускай інтэрнэт-бібліятэкі

У мінулую суботу музей-сядзіба «Пружанскі палацык» зноў парадаваў цікавай падзеяй: сюды прыехалі сустрэцца з аўтарамі і чытачамі заснавальнікі беларускай інтэрнэт-бібліятэкі «Камунікат». Памятаеце, у старым фільме “Масква слязам не верыць” героі меркавалі,  які від мастацтва адыдзе ў нябыт са з‘яўленнем тэлебачання: кіно ці тэатр? Пасля сустрэчы са стваральнікамі і напаўняльнікамі Беларускай інтэрнэт-бібліятэкі  Камунікат.org я  было задумалася: ці не адыдзе ў нябыт звычайная кніга?

Чым завяршыліся спрэчкі кінагерояў, мы ведаем.  Тэлебачанне ўпэўнена развіваецца, але тэатр і кіно, перажыўшы перыяды па-дзенняў і ўзлётаў, па-ранейшаму запатрабаваны гледачамі. Так што і ў адносінах кнігі, думаю, варта захоўваць пэўны аптымізм…

Радыёжурналіст беларускай рэдакцыі “Радыё Палонія” Яраслаў Іванюк  (цяпер ён жыве ў Беластоку) у свой час усяго толькі паспрабаваў авалодаць сучаснымі тэхналогіямі і  выкласці ў інтэрнэт матэрыялы, якія прагучалі ў эфіры. Яны не толькі набылі папулярнасць, але і паклалі пачатак праекту, падтрыманаму Беларускім гістарычным таварыствам.

З таго часу прайшло амаль два дзясяткі гадоў, і ў інтэрнэт-бібліятэцы сабрана больш 13000 публікацый. Унушальна? Не тое слова. Падыход уніфікаваны:  усё, што сюды трапляе, павінна быць напісана на беларускай мове або пра Беларусь.  Цяпер на сайце маецца і больш за 200 персанальных сайтаў беларускіх аўтараў. Сярод іх, між іншым, – і наш зямляк паэт-пчаляр з Лінова Мікола Папека, і жабінкаўскі журналіст і пісьменнік Анатоль Бензярук.

Гадоў пяць таму сайт перастаў быць проста захапленнем невялічкай групы людзей: ён атрымаў матэрыяльную падтрымку з польскага міністэрства замежных спраў у рамках існуючай там праграмы замежнай дапамогі. Але аддзяліць захапленне ад  абавязку так і не ўдалося: як прызналася пружанскім суразмоўцам журналіст і стваральнік беларускай бібліятэкі пры музеі Беларускай культуры ў Гайнаўцы Наталля Герасімюк, Камунікат – гэта цяпер яе жыццё.

Каманда Камуніката цяпер не толькі лічбуе старыя кнігі і перыядычныя выданні, не толькі імкнецца захаваць рарытэты, якія могуць знікнуць бясследна, не вытрымаць выпрабавання часам, не толькі супрацоўнічае з асобнымі аўтарамі, але і працуе з выдавецтвамі. У рамках праекта “Беларускія выдаўцы і выдавецтвы” прадстаўлена больш 20 старонак, у тым ліку Беларускага літаратурнага аб‘яднання “Белавежа”, выдавецтваў “Юнацтва”, “Мастацкая літаратура”, “Народная асвета”, “Беларускі кнігазбор”, Нацыянальнай акадэміі навук. Карыстацца фондамі проста, тым больш, што змяшчаюцца выданні не толькі ў фармаце pdf (хаця для мяне ён звыклы), але і ў больш сучасных, зручных для смартфонаў, планшэтаў і інш. Ёсць і калекцыя mp3-файлаў: аўдыёкнігі, радыёперадачы. Нядаўна самі запісалі аўдыёкнігу “Птушкі без гнёздаў” Ларысы Геніюш (тэкст чытае вядомая дыктарка Зінаіда Бандарэнка).

Кнігі ў інтэрнэт-бібліятэках я чытаю ўжо некалькі гадоў: вельмі зручна, асабліва калі выданні рэдкія ці старажытныя, якіх у раённых кнігазборах не зной-дзеш. Але тэкст на экране не можа замяніць мне звычайнай папяровай кніжкі. Зусім іншыя адчуванні, калі датыкаешся да вокладкі, гартаеш старонкі… Новая кніжка, якую ты першая ўзяла ў рукі,  пахне свежай друкарскай фарбай, кардонам і клеем, старая – зачытаная — мае ледзь улоўны пах пылу і спарахнелай паперы… Наталля Герасімюк нібы агучыла мае думкі, калі прызналася, што пасля шматгадзіннай апрацоўкі тэкстаў кніг на камп‘ютары (цяжкая праца, якую можна параўнаць з працай старажытных перапісчыкаў) яна бярэ ў рукі папяровую кнігу, для душы. Так што, напэўна, сапраўды традыцыйныя кніжкі нікуды не дзенуцца.

Ды, наогул, ці  не ўсё роўна, на якім носьбіце змешчана кніга? Галоўнае, каб яна была запатрабаванай.

На здымках: «польскія беларусы» Наталля Герасімюк і Яраслаў Іванюк; берасцейскія аўтары Анатоль Бензярук і Мікола Папека.

Ірына Сядова, фота аўтара.

Добавить комментарий