26 красавіка 1986 г. адбылася самая страшная тэхнагенная катастрофа ў гісторыі чалавецтва — аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. 38 гадоў аддзяляюць нас ад тых трагічных падзей…
Катастрофа на Чарнобыльскай АЭС па маштабах радыёактыўнага выкіду і сваіх далейшых наступстваў перасягнула падобныя аварыі.
У той ці іншай меры вынікі аварыі на ЧАЭС закранулі больш за два дзясяткі краін, што гаворыць аб яе глабальным характары. Аднак асноўны ўдар прыпаў на Беларусь — каля 35 працэнтаў радыёактыўных выпадзенняў аселі на яе тэрыторыі. Але нягледзячы на гэта, беларусы актыўна дапамагалі пацярпелым ад аварыі.
Гэтая страшная падзея не пакінула абыякавай і жыхароў Пружаншчыны. У фондах музея захоўваецца газета «Зара камунізму», дзе на першай паласе размешчаны артыкул пад назвай “У дапамогу Чарнобылю”:
“Чарнобыльскія падзеі ўскалыхнулі ўсіх людзей нашай неабсяжнай краіны. Не пакінулі яны раўнадушнымі і жыхароў Пружанскага раёна. Амаль штодзень паступаюць у дзяржбанк грашовыя пералікі… Горача адгукнуліся на чужое гора ветэраны, якія самі перажылі бяду… Адрасоў спачування шмат. Пералічваюць самыя розныя сумы… Нашы людзі не засталіся раўнадушнымі.”
Мы павінны і сёння памятаць пра Чарнобыль дзеля будучыні, ведаць пра небяспеку радыяцыі і рабіць усё, каб падобныя катастрофы ніколі больш не паўтараліся…