Якая прыгожая і мілагучная беларуская мова! На кожны выпадак знойдзецца ў ёй і патрэбнае слова, і трапны фразеалагізм. На гэтай мове размаўлялі нашы дзяды і прадзеды, за яе змагаліся нашы продкі. Толькі гэтую мову мы можам назваць роднай.
Наша мова – гэта дар, які не менш каштоўны за жыццё. Калі помніць, што ў сярэднім штомесяц у свеце знікаюць дзве мовы, мы абавязаны аддаць належнае сваёй роднай мове, якая дагэтуль жывая. Аднак нельга забываць, што валодаем мы ёю толькі па праве нараджэння на гэтай зямлі, а таму павінны рабіць усё неабходнае, каб зберагчы гэты бясцэнны дар.
21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. З мэтай папулярызацыі беларускай мовы, выхавання ў навучэнцаў нацыянальнай самасвядомасці, любові да роднай мовы ў гэты дзень навуковым супрацоўнікам Пружанскага палацыка было праведзена мерапрыемства “Родная мова — цудоўная мова…” для навучэнцаў сярэдняй школы № 3 г. Пружаны.
У ходзе мерапрыемства вучні з задавальненнем дэманстравалі сваё веданне беларускай мовы. Многія былі прыемна здзіўлены тым, што наша родная мова мае такія прыгожыя і адметныя словы. А мы ўпэўнены, што акрамя новых ведаў, дзеці атрымалі зарад добрага настрою.