Атмасфера чараўніцтва, узрушанасці, маладосці і шчасця панавала ў мінулую пятніцу, акурат перад старым Новым годам, у «Пружанскім палацыку». У другі раз музей-сядзіба прымаў раённы Калядны баль моладзі. Ён стаў навагоднім падарункам для лепшых з лепшых будучых выпускнікоў Пружаншчыны, якімі ганарацца ўжо зараз і якія, мы ўпэўнены, яшчэ абавязкова заявяць пра сябе.
Без перабольшвання, падобную падзею можна смела адносіць да тых, якія здараюцца ўсяго раз у жыцці.
Канечне, многія з гэтых дзяўчат і хлопцаў пры ўмове добрай вучобы, актыўнай грамадскай дзейнасці, удзелу ў конкурсах, турнірах і спаборніцтвах рознага ўзроўню маюць усе шанцы трапіць і на баль Прэзідэнцкі. Але менавіта чароўная падзея ў знакамітым палацыку запомніцца на ўсё жыццё як самы першы, непаўторны, баль прыгажосці і маладосці…
Чакалі гэтага дня і з заміраннем сэрца рыхтаваліся да яго 16 пар дэбютантаў — вучні гарадскіх школ і гімназіі, а таксама Параслянскай СШ. Гонар апошняй — Дар’я Крук і Кірыл Ярашук, а таксама Вікторыя Боўш і Андрэй Акенцьеў — менавіта гэтых маладых людзей установа адукацыі палічыла дастойнымі ўдзелу ў балі.
Акрамя падрыхтоўкі харэаграфічнай, у кожнага ўдзельніка быў свой, непаўторны і запамінальны вобраз. Раскошныя сукенкі і велічныя дыядэмы, упрыгожванні, элегантныя касцюмы і стыльныя бабачкі — усё гэта сапраўды пераносіла ў атмасферу ХІХ стагоддзя. Каб яшчэ больш падкрэсліць дух той эпохі, вёў баль распарадчы, з роляй якога, як і летась, выдатна справіўся метадыст гарадскога Палаца культуры Вячаслаў Краўчук, а ля кожных уваходных дзвярэй стаялі пажы.
Падчас баляў пазамінулага стагоддзя абавязкова запрашалі ганаровых гасцей. Былі яны і на другім раённым Калядным балі — начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Момлік і загадчык сектара вучэбна-выхаваўчай работы аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Супрыновіч. Як адзначыў, звяртаючыся да дэбютантаў, Аляксандр Канстанцінавіч, гэта вельмі здорава, што правядзенне балю ў Пружанскім раёне становіцца добрай традыцыяй.
— Упэўнены, дарагія хлопцы і дзяўчаты, што ўдзел у балі — гэта добрая ўзнагарода за вашу актыўнасць і дасягненні ў вучобе. Таксама гэта яркі фінал рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» ў Пружанскім раёне. Жадаю ўсім моцнага здароўя, далейшай паспяховай вучобы і спаўнення ўсіх мараў. Ніколі не бойцеся марыць, бо мары сапраўды здзяйсняюцца, трэба толькі моцна ў гэта верыць, — адзначыў Аляксандр Канстанцінавіч.
І хоць праводзілася мерапрыемства толькі ў другі раз, сёлета не абышлося без «ізюмінак». Напрыклад, адбыліся дапаўненні ў бальнай карце. Адкрыў дзейства грацыёзны паланэз, наступным танцам быў шыкоўны вальс, пасля дэбютанты выканалі дзве фігуры кадрылі, ну а той самай навінкай стаў велічны менуэт. Цудоўна ўпісалася ў атмасферу балю і гульня ў фанты, якая вельмі спадабалася дэбютантам.
Каму яшчэ пад сілу ўзнавіць музычную і танцавальную атмасферу ХІХ стагоддзя? Канечне, народнаму струннаму ансамблю «ARCHI» пад кіраўніцтвам Вольгі Гаўра і харэаграфічнаму калектыву малодшых класаў ДШМ імя Р.Р. Шырмы, кіруе якім Ілья Кандратовіч. Нумары гэтых цудоўных калектываў сталі на балі гасцявымі і выдатна дапоўнілі выхады на паркет дэбютантаў.
Пасля афіцыйнай часткі балю была і нефармальная — фуршэт ад імя старшыні Пружанскага райвыканкама Міхаіла Грышкевіча, падчас якога хлопцы і дзяўчаты маглі пагутарыць у нефармальнай абстаноўцы і падзяліцца першымі ўражаннямі ад балю. Ну, а затым у палацыку было шумна і весела — дыскатэка ў інтэр’ерах музея, трэба сказаць, гэта падзея таксама незвычайная. Але чаму б і не? Тым больш тая ж дыскатэка змяняе афіцыйную частку нават на Прэзідэнцкім балі, куды, як аказалася, мараць трапіць многія з удзельнікаў балю раённага. І мы верым, што абавязкова пабываюць!
Сёння яны — зноў за школьнымі партамі, выконваюць хатнія заданні і рыхтуюцца да алімпіяд і спаборніцтваў, цэнтралізаваных экзаменаў і тэсціравання. Яно і зразумела: хутка — час адказны і хвалюючы. Але, гледзячы на гэтых хлопцаў і дзяўчат, чамусьці верыцца, што яны змогуць увасобіць у жыццё ўсе свае задумы, рэалізаваць планы і дасягнуць вяршынь, тым самым заявіўшы пра раён на самых розных узроўнях. Няхай жа так і будзе, а раённы Калядны баль праз год абавязкова збярэ новых, але не менш яркіх і таленавітых прадстаўнікоў моладзі Пружаншчыны.
Крыніца: сайт газеты “Раённыя будні”( Калядны баль моладзі ў другі раз сабраў у сценах «Пружанскага палацыка» лепшых юнакоў і дзяўчат раёна (+многа фота) — Пружаны. Погода в Пружанах. Районные будни. Раённыя буднi (budni.by))
Фота Рабчук С.З.