Любімы горад у аб’ектыве

Пад такой назвай падчас святкавання 590-годдзя Пружан на тэрасе палацыка праходзіла фотавыстава. На выставе былі прадстаўлены 24 копіі фотаздымкаў горада (з фондаў музея і прыватных калекцый жыхароў горада), з дапамогай якіх можна было ўявіць, як змяніліся Пружаны.

Фотадакументы — гэта адна з самых шматлікіх калекцый Пружанскага палацыка. Яна налічвае больш за 900 фатаграфій. Фотакалекцыя ўзнікла ў першыя дні стварэння музея і пастаянна папаўняецца. Фотаздымкі паступаюць у  музей з розных крыніц: з асабістых архіваў жыхароў горада, з архіваў прадпрыемстваў і ўстаноў, з прыватных калекцый і г.д. Большая частка гэтых фота адлюстроўваюць гісторыю Пружаншчыны.

Каштоўнасць фотадакументаў звязана з тым, што яны ўзнікаюць у момант падзей і на месцы падзей. Фатаграфія можа “перанесці” нашчадкаў праз стагоддзі і расказаць, як выглядаў наш горад у той ці іншы перыяд.

Чорна-белыя фота дазволілі людзям больш сталага ўзросту ўспомніць час, адлюстраваны на фотаздымках. Многія сумна заўважалі, як змяніўся наш горад. Прадстаўнікі маладога пакалення з усмешкамі разглядалі вуліцы родных Пружан. Прыемна, што фотавыстава спадабалася усім без выключэння.

Спецыяльна для гэтай выставы навучэнцы 11 класаў сярэдніх школ №3 і №5, якія атрымоўвалі на базе сярэдняй школы №3 прафесію сталяра пад кіраўніцтвам настаўніка працоўнага навучання Эдуарда Валасевіча, вырабілі мальберты, а Дзяніс Куталаў упрыгожыў іх гравіроўкай.

Добавить комментарий