Мы сталеем, адна падзея змяняе другую, кола жыцця круціцца ўсё хутчэй і хутчэй… І толькі напярэдадні Новага года, дакрануўшыся да далікатных елачных цацак і ўдыхнуўшы пах ялінкі, мы на імгненне спыняемся і вяртаемся ў дзяцінства. А там: маладыя бацькі, смешныя шкляныя звяркі і пераліўныя шары, водар мандарынаў, арэхі і цукеркі, падарункі, мітусня на кухні… Чым бліжэй свята, тым ярчэйшыя ўспаміны пра самыя радасныя і шчаслівыя моманты жыцця.
Сучасныя мамы і таты не задумваюцца над тым, дзе ўзяць убор для свайго дзіцяці: гатовыя яркія касцюмы любімых дзіцячых персанажаў сёння можна купіць у краме ці ўзяць напракат. Пра такое цуда нашы бацькі маглі толькі марыць, бо ім даводзілася самім рабіць навагоднія касцюмы з падручных, часам самых неверагодных матэрыялаў. У ход ішлі марля, вата, фіранкі, паралон, бітыя елачныя цацкі, пацеркі, мішура і іншыя дробязі, якія збіраліся на працягу ўсяго года.
Падрыхтоўка да ранішніку аб’ядноўвала ўсю сям’ю на некалькі вечароў і стварала перадсвяточны настрой. Гэта быў цэлы рытуал: мама выкройвала з накрухмаленай марлі пышны пад’юбнік для касцюма сняжынкі і прышывала мішуру да прыбранай сукенкі, а тата майстраваў «крыштальныя туфлі» з чэшак і карону з кардона.
З «зайчыкамі» было прасцей: да цёмных шорцікаў прышываўся футравы хвосцік, а вушкі мацаваліся на кардонны абруч або выкройваліся з тканіны, у якую набівалася вата і ставіўся дрот для ўстойлівасці. І ўсё — зайчык гатовы. Іх на кожным навагоднім ранішніку ў дзіцячым садзе заўсёды было шмат.
Трэба сказаць, што навагоднія ранішнікі ўвогуле не адрозніваліся разнастайнасцю роляў. Дзяўчынкі практычна ўсе былі сняжынкамі ці казачнымі прынцэсамі, а хлопчыкі — зайчыкамі. І ў гэтых смешных і мілых касцюмах савецкія дзеці з гонарам крочылі да ёлкі і, хвалюючыся, чыталі завучаныя вершы Дзеду Марозу і Снягурцы, загадвалі жаданне і фатаграфаваліся побач з імі.
Дарагія сябры, давайце напярэдадні Новага года ўспомнім як гэта было, а таксама раскажам і пакажам нашым дзецям і ўнукам! Для гэтага музей-сядзіба «Пружанскі палацык» аб’яўляе збор фатаграфій савецкіх навагодніх ранішнікаў для стварэння фотавыставы. Усе фота будуць адсканаваны і ў той жа дзень вернуты ўладальніку. Зробім савецкі Новы год разам!