У суботу, 15 чэрвеня, «Пружанскі палацык» зноў здзівіў. Да штомесячных вернісажаў, масавай «Ночы музеяў» мясцовыя жыхары паспелі прывыкнуць. А вось першы выязны «ДАХ» пакінў адно ўражанне – культурны шок.
– Музей павінен падштурхоўваць людзей да нейкага роздуму. Тут павінна пастаянна нешта адбывацца, – упэўнены дырэктар «Пружанскага палацыка» Юрый Зялевіч. Ён і стаў ініцыятарам правядзення выязнога фестывалю ў Пружанах і ажыццяўлення гэтага праекта на сваёй тэрыторыі дамагаўся некалькі гадоў.
Пружанцы яшчэ доўга будуць успамінаць гэта мерапрыемства як нейкае непаразуменне. Але асаблівасць сучаснага мастацтва ў тым, што яно не заўсёды патрабуе асэнсавання.
– Вы не ведаеце, што яны хочуць гэтым сказаць? – пыталася здзіўленая жанчына, назіраючы за перформансам перад урачыстым адкрыццём фестывалю. Сапраўды, зразумець дзеянні мастакоў было цяжка. Спачатку яны ў прамым сэнсе слова пратрубілі аб пачатку, потым пачалі павольна абыходзіць дрэва за дрэвам і прывязваць да іх палотны з незразумелымі выявамі пад нагнятальныя рытмы электроннай музыкі. Калі ўсе тры малюнкі апынуліся на дрэвах, Аляксандр Родзін і Зміцер Юркевіч, між іншым арганізатары «ДАХу», пачалі раскладваць на траве жоўтую і сінюю тканіны. А потым было нейкае незразумелае забіванне кала ў зямлю. Так, тым, хто прывык у вобразе маці на палатне бачыць жанчыну з дзіцем, было няпроста. Бо, калі ў зямлю забіваюць кол, гэта для чагосьці патрэбна. Але які сэнс забіваць яго цалкам? Не трэба шукаць нейкі сэнс – вось асноўная ідэя ўдзельнікаў «ДАХу».
Два наступныя перформансы былі значна карацейшымі і таму, відаць, больш зразумелымі. Юрась Барысевіч увогуле закрануў сур´ёзную тэму пакланення ідалам. Зноў не буду рабіць нейкія высновы, але пакланенне любому ідалу – усё роўна, цацка гэта, каменны слуп ці найноўшы гаджэт – яно напускное. Пасля гэтай дзеі чамусьці захацелася схаваць свой смартфон далёка ў кішэню. Як заўсёды феерычна зладзіў перформанс Ілля Сін. Дзеля гэтага на заднім двары Палацыка палову дня рабілі галаву, страшную звонку, але пустую знутры. На гэтым месцы публіка «адпусцілася». Здаецца, ніхто больш не шукаў у тым, што выраблялася, нейкага таемнага сэнсу.
Тым часам дзеянне перамясцілася ў пакоі Палацыка. У час фестывалю асноўныя экспанаты былі схаваныя, іх месца занялі іншыя выявы. Але не толькі сучасным мастацтвам абмяжоўваецца «ДАХ». У пакоях музея-сядзібы знайшлося месца для выставы, прысвечанай знакамітым беларусам: Орду, Рэйтану, Крашэўскаму.
– Мэта «ДАХу» – зусім не ў тым, каб паказаць сучасную культуру, – упэўнены Юрый Зялевіч. – Аснова асноў – перадаць спалучэнне і пераймальнасць культур. Я ведаю, што ў Мінску ў адной зале з авангардным мастацтвам могуць выстаўляцца мастакі, якія працуюць у класічнай тэхніцы. І гэта нармальна. Таму ў Пружанах мы пайшлі тым жа шляхам: разам з наватарамі-эксперыментатарамі можна пачуць і пабачыць тых, хто працуе ў прывычных формах. Невыпадкова на фестывалі быў напамінак пра нашых знакамітых продкаў. Мы зноў напамінаем людзям, што ў гісторыі Беларусі былі выдатныя дзеячы, якія сталі асобамі сусветнага ўзроўню. І Пружаншчына – таксама носьбіт культурнай традыцыі, біяграфіі многіх вядомых суайчыннікаў звязаны менавіта з нашай зямлёй.
Выступленне мясцовага ансамбля «Пружанскі палацык» выклікала розныя пачуцці. Нехта адразу вырашыў для сябе: нефармат. А хтосьці ў захапленні слухаў папуры з вядомых сусветных рок-кампазіцый. Самыя стойкія «гулі» да поўначы. І толькі тады падвялі вынікі. Фестываль прызналі ўдалым. А ў жніўні на Брэсцкай зямлі чакаецца новы выязны «ДАХ», які абяцае быць больш грандыёзным. У Ляхавіцкім раёне ля вёскі Грушаўка плануецца вялікі тыднёвы летнік па матывах фестывалю «ДАХ».