У Пружанах высветлілі, што культура мае прапанаваць моладзі ў малых гарадах

30 лістапада “Пружанскі палацык” стаў пляцоўкай для абмеркавання разнастайнасці і якасці моладзевых праектаў у культурніцкім жыцці горада і раёна. У інтэр’ерах гарадской сядзібы ХІХ стагоддзя мясцовая інтэлігенцыя розных узростаў абмеркавала надзённыя праблемы развіцця культуры ў раённым цэнтры. Ток-шоу прайшло ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” у серыі імпрэзаў пад агульнай назвай “Культура паляпшае жыццё!”.

Tarantino.by-Tok-Show-Pruzhani-Reha-6768

Мадэратарам сустрэчы стала Інга Воран, вядомая сваёй актыўнасцю ў горадзе арганізатарка штогадовага фестывалю “Рок-вясна”. “Моладзі ва ўзросце ад 15 да 30 у горадзе больш за 4000 — дастаткова, каб звярнуць на нас увагу. Мы любім яскравасць, відовішчнасць, эмацыйнасць, таму і кідаемся часта ў крайнасці, а сам наш узрост — узрост фармавання асобы, калі ўсё наперадзе і трэба толькі задаць правільны вектар руху. Галоўнае — зразумець адно аднаго і кожнаму знайсці падтрымку для сябе”, — сказала яна пры пачатку дыскусіі. Без крайнасцяў у гэты вечар сапраўды не абышлося, але без супрацьлеглых меркаванняў які ж пошук ісціны?

Пра пачатак пошуку ісціны ў культуры расказала Кацярына Раманчык, каардынатар рэгіянальнай дзейнасці кампаніі “Будзьма беларусамі!”, раскрыўшы для ўсіх прысутных ідэю слогана кампаніі “Культура паляпшае жыццё!”, які грунтуецца на сацыялагічных даследаваннях, што паказваюць: менавіта культура бачыцца беларусам адным з асноўных рычагоў да ажыццяўлення станоўчых зменаў у сваім жыцці.

Tarantino.by-Tok-Show-Pruzhani-Reha-6899

Дзяленне залы на экспертаў і аўдыторыю ў гэты дзень было ўмоўным як ніколі, бо выказваліся ўсе прысутныя без выключэння. Прадстаўніцы дзіцячага парламента Пружанаў Ірына Валадзеева і Ксенія Пухнарэвіч выказалі, бадай, цэнтральную думку ўсёй моладзі ўсіх малых гарадоў краіны: “А куды ісці? На Саладуху нецікава, а Корж наўрад ці даедзе да такога невялікага горада”. Апаніравалі ім прадстаўнікі аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі: “Са скуры лезеш, арганізуючы столькі сваіх мерапрыемстваў! Корж, думаеце, ведае, што такое Пружаны?” — таксама, бадай, агульнабеларускі стан, калі зоркі не хочуць, а функцыянеры не могуць, хоць і маюць вялікае жаданне і імпэт нешта зрабіць для свайго горада. А на “Харошкі” не хочуць ісці людзі. Чаму?

Дырэктарка гарадскога Дома культуры Аксана Кавалевіч і дырэктар музея-сядзібы “Пружанскі палацык” Юрый Зялевіч расказалі, як праходзіць у горадзе дзень моладзі. Прыемна, на думку спікераў, тое, што Пружаны “даўно выйшлі з постсавецкіх варункаў” і сёння ў горадзе хапае разнастайных мерапрыемстваў. І рок, і поп і “Акадэмія талентаў”, і джазавы фестываль, і літаратурны клуб, і свае суполкі ў сацыяльных сетках.

Tarantino.by-Tok-Show-Pruzhani-Reha-6870

Прыемным момантам стала тое, што дыскусія засяродзілася на актуальнасці акцый для моладзі. “Заступлюся за моладзь, — класічна сказала “старэйшая за ўсіх” мясцовая бабуля і працягнула: — Моладзь выхаваная і годная, і газеты ў нас ёсць, і стэнды, і дыскатэкі, і рок. А згуртаваць усіх разам — задача камсамола”. Усё правільна, толькі камсамола ўжо 20 гадоў як няма.

Найважнейшая думка прагучала з залы і была неаднойчы пацверджаная падчас сустрэчы: “Мы чакаем, што нехта прыйдзе і зробіць нам свята. А так далёка не пойдзеш”. Можна многае зрабіць уласнымі сіламі, аб’яднаўшы свае намаганні. І пачаць, што лагічна, са сродкаў інфармавання пра культурніцкія падзеі: паставіць тумбы для афіш у горадзе, аднавіць сайт http://pruzhany.net/ ці зрабіць іншы гарадскі сайт з культурніцкай афішай, да мадэравання якога далучыцца моладзь. У наступным годзе Пружаны ўваходзяць у праграму “Горад, прыязны для дзяцей”, падчас якой мае сэнс прыцягнуць увагу маладых жыхароў горада і даведацца пра іх патрэбы ў гарадскім і культурніцкім асяроддзі. Вартай увагі была прапанова знайсці і аддаць моладзі нефармальную пляцоўку, якая б спрыяла сумеснай творчасці: “Не тыя нашыя сур’ёзныя ўстановы культуры, а падвал”. Інакш кажучы, лофты патрэбныя не толькі вялікім гарадам.

Прынцыповы момант — забыцца пра “эфект малога горада”, калі так проста ўсё патлумачыць малой колькасцю пляцовак, людзей і партнёраў, да таго ж у Пружанах з гэтым усё не так дрэнна. Трэба звярнуць увагу на магчымасці, якія маюцца сёння, і натхніцца прыкладам барона Мюнхаўзэна — выцягнуць з багны сябе за валасы, даць самі сабе той матывацыйны штуршок, якога мы так чакаем звонку.

Кампанія “Будзьма беларусамі!” гатовая даць для гэтага магчымасці — стварыць пляцоўку для абмеркавання грамадскіх праектаў, неабходных культурніцкага жыцця Пружан. Знайсці новыя ідэі для роднага горада, аднадумцаў, і калегаў можна на наступнай падзеі кампаніі — “Кірмаш праектаў: культурніцкае аблічча майго горада”, які пройдзе цягам найбліжэйшых месяцаў. Да прадстаўлення чакаюцца ідэі, уяўленні, прапановы па падзеях, клубах, аб’яднаннях, якіх не хапае Пружанам. Даслаць іх можна на адрас kirmash.brest@gmail.com

Tarantino.by-Tok-Show-Pruzhani-Reha-7246

А каб паставіць годны клічнік у сустрэчы, перад прысутнай грамадой выступіў гурт RECHA (Мінск) на чале з выбітным маладым беларусам, музыкам, мастаком і зоркай тэлебачання Андрусём Такіндангам. Перадаць атмасферу гэтага выступу наўрад ці ўдасца, хіба што цёплымі фотаздымкамі, што застануцца на памяць да новых сустрэчаў з артыстамі і на кірмашах праектаў.

Алесь Плотка, фота – Аляксандр Ждановіч

Добавить комментарий