Выстава з такой назвай ужо месяц экспануецца ў Выставачнай зале музея і прадоўжыць сваю працу да канца сакавіка.
Упершыню работы разьбара ў такой колькасьці наведалі Пружаншчыну.
Іван Піліпавіч Супрунчык карэнны паляшук з в. Цярэблічы Столінскага раёна, адзін з трох Народных майстроў Беларусі, якія атрымалі гэтае ганаровае званне на Брэсчыне. Нарадзіўся мастак ў далекім 1942 годзе і сколькі памятае сябе творца, столькі ён марыў аб мастацтве.
Першы раз яго работы былі прадстаўлены грамадцкасьці ў 1967 годзе на рэспубліканскай выстаўке ў Мінску, атрымалі добрыя ацэнкі. ды там і засталіся. 3 тых гадоў да сённяшняга часу Іван Супрунчык — » мужык з сякерай», як назвалі яго журналісты, вось ужо сорак гадоў высякае толькі гэтай прыладай бібліятэкар-адмыслоўца, стварае па старадаўніх народных традыцыях драўляныя скульптуры на самыя розныя, але блізкія яго душы тэмы, што стала натхнёнай працай яго жыцця. Некаторыя працы Івана Супрунчыка можна заўважыць ля дарогаў Палесься і на перакрыжаваньнях. Збавіцель на крыжах – у пачуцьці смутку. Маці Божая, Іаан Прадцеча зафіксаваныя на знак замілаваньня і болю. Пятро й Павел згадваюць прысадзістыя сялянскія фігуры з моцнымі жылістымі рукамі і заклапочанымі тварамі.
Дыяпазон творчасці Івана Супрунчыка вельмі вялікі і шматгранны. Цыкл твораў прысвечаны тэме Вялікай Айчыннай вайны, Чарнобыльскай трагедыі. Шмат створана высокамастацкіх культавых скульптур, вобразаў асветнікаў і літаратурных герояў.
Але ж асноўным накірункам сваёй дзейнасьці майстар лічыць збіральніцтва абрадаў, паданняў, легенд свайго краю і адлюстраванне іх у скульптурных кампазіцыях, жывапісу і графіцы, гэтае хобі доўжыцца ўжо шмат гадоў. Іван Піліпавіч збірае таксама і этнаграфічны матэрыял, які потым экспануе ў сваёй бібліятэке-музее, якая знаходзіцца ў досыць вялікім павільёне, што захаваўся, ад цэха трыкатажнай фабрыкі. Усяго экспанатаў каля 900. А тут і апранутыя ў старадаўнія строі палескія прыгажуні, язычніцкія багі, легенда пра тое, як альшанцы вялі да царквы саву, пераблытаўшы яе з Божай Маці, як знямоглы старэйшына роду мог папрасіць сабе «лапаціну» — палескі аналаг эўтаназіі. На адной з карцін маці майстра, якая «зачыняе дзверы». «Аднойчы, — тлумачыць Іван Піліпавіч, — запытаўся я ў незнаёмага дзеда, што ёсць жыццё?» — «Дзверы адчыніў— дзверы зачыніў» — адказаў той. Як проста. Але які глыбокі філасофскі сэнс». Самым важным са старажытных абрадаў, што бытавалі і бытуюць цяпер на Беларусі, Іван Супрунчык лічыць Дзяды — дзень памінання продкаў. Іван Піліпавіч яскрава ўсвядоміў для сябе і вучыць іншых, як важна ўшаноўваць продкаў, зберагаць іх вопыт дзеля сваёй будучыні, як важна захаваць сувязь пакаленняў.
На выставе ў Пружанах прадстаўлена каля 40 скульптур і 30 пастэляў майстра. Яны зачароўваюць сваёй таямнічасьцю і прастатой адначасова. Прыкметна і тое, што на першым паверсе музея ўжо другі месяц праходзіць выстава вядомага пружанскага Народнага майстра Беларусі Мікалая Тарасюка, зробленая з музейных фондаў.
У жыхароў горада і раёна (ды і суседзяў) есць магчымасць убачыць дзьвух майстроў адначасова – Калі будзе яшчэ такі шанец! Таму раю ўсім, хто хоча дакрануцца да аутэнтыкі – ідзіце ў музей-сядзібу “Пружанскі палацык”.