РАБОТУ ЎСТАНОЎ КУЛЬТУРЫ АЦАНІЎ МІНІСТР

Прыемнае ўражанне ад стану устаноў у сферы культуры раёна засталося ў міністра культуры Беларусі У.Ф.Мацвейчука. У аўторак(20.01) з рабочай паездкай ён наведаў Пружаншчыну.
Уладзімір Фёдаравіч прыняў непасрэдны ўдзел у рабоце пасяджэння райвыканкама, на якім разглядалася пытанне «Аб ходзе выканання раённай праграмы па падтрымцы і развіццю культуры на 2006-2010 гады». Вялікая ўвага была ўдзелена музейнай справе, рабоце бібліятэк і клубных устаноў, развіццю народнай творчасці і кінавідэамастацтва. Разглядаліся пытанні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры, захавання гісторыка-культурнай спадчыны. Начальнік аддзела культуры К.І.Панімаш падзяліўся з прысутнымі планамі работы на будучае. У прыватнасці, ён расказаў, што ў 2009-2010 гадаху музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» будуць адкрыты экспазіцыі, прысвечаныя знакамітым людзям Пружаншчыны. А ў 2012 годзе раён шырока адсвяткуе 200-годдзе з дня нараджэння Юзафа Крашэўскага. Будзе весціся аднаўленне млына ў в.Калядзічы і сінагогі ў г.п.Ружаны.
— Мяркуючы па выступленнях старшыні райвыканкама І начальніка аддзела культуры, — адзначыў міністр, — мясцовая ўлада ўважліва ставіцца да праблем культуры і робіць усё магчымае дзеля яе захавання і развіцця.
Міністр з задавальненнем удзельнічаў у пешай экскурсіі па Пружанах. Пасля чаго высокі госць разам з начальнікам упраўлення культуры аблвыканкама Р.Р.Бысюком і намеснікам старшыні райвыканкама М.П.Кудраўцом наведалі Пружанскі палацык. Там узнёслым выступленнем іх віталі ўдзельнікі народнага камернага хору пад кіраўніцтвам Я.С. Малайчука. У суправаджэнні супрацоўнікаў музея-сядзібы госці пазнаёміліся з музейнымі экспазіцыямі і выставай з фондаў музея народнага майстра Рэспублікі Беларусь М.В.Тарасюка «Тым і жыву». Па ходу экскурсіі дырэктар Ю.С.Зялевіч узняў надзённыя праблемы музея-сядзібы.

Далей у маршруце рабочай паездкі міністра было наведванне сельскага Дома культуры і бібліятэкіў в.Клепачы, Кляпацкай школы мастацтваў. У.Ф.Мацвейчука так ад душы віталі мясцовыя артысты, што ён толькі канстатаваў: «Не дзіўна, што гэты СДК сярод устаноў культуры сельскай мясцовасці займае другое месца ў рэспубліцы».

А затым адбылася сустрэча міністра з работнікамі культуры нашага раёна, у якой прынялі ўдзел каля пяцідзесяці чалавек. Людзі задавалі слушныя і надзённыя пытанні, чым толькі падкрэслівалі сваю неабыякавасць да таго, што адбываецца ў сферы культуры. Напрыклад, многіх турбавала праблема набыцця імпартнай апаратуры і музычных інструментаў для ДК і школ мастацтваў. Прысутныя выказвалі сваю незадаволенасць недастатковай прапагандай народнай творчасці па тэлебачанні. Задавалі пытанні з нагоды нізкай зарплаты, прапаноўвалі перагледзець штатныя рас¬клады ўстаноў культуры. 3 многім міністр быў згодзен. Сказаў, што пытанне аплаты працы работнікаў культуры будзе разглядацца ў Савеце Міністраў. А выкладчыкаў школ мастацтваў нават абрадаваў: водпуск ім павялічаны да 56 дзён.
У сваю чаргу Уладзімір Фёдаравіч выказаў і свае пажаданні. Яны датычылі павелічэння аказання платных паслуг. Таксама ён пажадаў, каб будучых работнікаў культуры раёна пачыналі рыхтаваць з выпускнікоў нашых школ.
Міністр задаволіў адказам і наша пытанне з нагоды далейшай рэстаўрацыі замка Сапегаў у Ружанах. «Магчыма, не так хутка, як хацелася б, — сказаў ён, — але рэстаўрацыя замка будзе прадоўжана. 3 сакавіка фінансаваць работы пачне Нацыянальны банк». На пытанне, ці спадабаўся яму візіт на Пружаншчыну, У.Ф. Мацвяйчук адказаў пажаданнем:
— Дай Бог, каб у іншых раёнах Беларусі работа устаноў культуры была наладжана так, як у Пружанскім!

Галіна КАЛЯДА
«Раённыя будні»

Добавить комментарий