12 жніўня музей-сядзібу “Пружанскі палацык” наведалі падапечныя Пружанскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Пенсіянеры падрабязна пазнаёміліся з выставай “Postscriptum”, якая ўзнаўляе асноўныя эпізоды гісторыі прымусовай працы савецкіх грамадзян у гады Другой сусветнай вайны, пачынаючы ад угону і транспарціроўкі ў Германію і краіны, ёй акупаваныя, да вызвалення і лёсаў рэпатрыянтаў ў Савецкім саюзе. Навуковы супрацоўнік распавяла прысутным пра экспанаты – копіі фотаздымкаў і дакументаў, лісты і паштоўкі, успаміны, якія размяшчаюцца на кардонных фігурах у чалавечы рост. Фігуры – гэта погляд на выкарыстанне прымусовай працы, гісторыя з чалавечых лёсаў… Прысутныя падзяліліся ўспамінамі сваіх родных і знаёмых, якія апынуліся ў Германіі ў гады вайны.
У гэты ж дзень гасцямі палацыка сталі супрацоўнікі Брэсцкай абласной праектна-пошукавай станцыі хімізацыі сельскай гаспадаркі. Наведвальнікі пазнаёміліся са сталымі экспазіцыямі і выставамі, найбольш уразілі гасцей працы Народнага майстра Рэспублікі Беларусь Мікалая Тарасюка.