Анлайн-праект «Што раскажа экспанат”

Сёння мы раскажам пра шкляную колбу складанай формы з шырокай адтулінай у дне — мухалоўку.

Мухалоўка прызначалася для адлову ў першую чаргу мух. Існавалі два тыпу мухаловак — раз’ёмная і суцэльная. У раз’ёмнай выкарыстоўваўся каўпак, які затуляў асноўны посуд. Суцэльная мухалоўка ўяўляла сабой шарападобную пасудзіну на трох ножках, якая мае дзве адтуліны. Верхняя ўяўляла сабой невысокае рыльца са шкляным вечкам, а ніжняе — у выглядзе шырокай варонкі, якая ўваходзіць унутр пасудзіны. Менавіта такая мухалоўка захоўваецца ў фондах палацыка.

Праблема барацьбы з мухамі ў ХІХ ст. была больш чым актуальная — у краіне лютавалі эпідэміі, а мухі з’яўляліся пераносчыкамі брушнога тыфа, халеры, дызентэрыі. Прынцып дзеяння прадмета быў такім: зверху асцярожна па сценачцы налівалася якая-небудзь вадкасць — салодкая вада, сыроватка малака, квас, піва і г.д., пасудзіну затыкалі коркам і ставілі ў хаце. Мухі залазілі знізу ў мухалоўку і, не ведаючы, як зваротна выбрацца, гінулі праз некаторы час у вадкасці пасудзіны. Трэба сказаць, мухалоўка выдатна выконвала свае функцыі і ў выпадку з восамі і камарамі.

Усе гэтыя прывабныя для мух вадкасці ў цяпле праз кароткі час пачыналі дрэнна пахнуць, таму часам у посуд залівалася мыльная ці чайная вада, ён затыкаўся коркам і пад яго клалі кавалак хлеба, пасыпаны цукрам.

Добавить комментарий