12 красавіка ва ўсім свеце адзначаецца Дзень касманаўтыкі. Даследаванне касмічнай прасторы было запаветнай марай многіх вучоных і першапраходцаў. Вялікі прарыў у гэтай справе адбыўся 12 красавіка 1961 года з запускам карабля «Усход» з Байканура. На яго борце быў 27-гадовы савецкі касманаўт Юрый Гагарын. Пасля паспяховага выканання сваёй місіі, якая доўжылася 108 хвілін, Гагарын паспяхова вярнуўся на родную планету. З таго часу 12 красавіка набыло асаблівае значэнне ў гісторыі асваення космасу. Па рашэнні Генеральнай Асамблеі ААН яго сталі адзначаць на міжнародным узроўні як Міжнародны дзень палёту чалавека ў космас.
У фондах музея-сядзібы “Пружанскі палацык” беражліва захоўваецца скульптурны партрэт Юрыя Гагарына, створаны рукой таленавітага скульптара, заслужанага дзеяча мастацтваў, народнага мастака Рэспублікі Беларусь, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР Івана Якімовіча Міско (які, дарэчы, нарадзіўся ў Брэсцкай вобласці). Невыпадкова Івана Якімовіча называюць «зорным» скульптарам. Тэмай космасу мастак «захварэў» у той год (1968 г.), калі не стала Юрыя Гагарына. «Неяк увечары прыйшоў дадому і пачуў па радыё: трагічна абарвалося жыццё першага касманаўта Юрыя Гагарына. Раніцай пад гукі жалобнай музыкі я стаў ляпіць яго скульптурны партрэт», — успамінаў у адным з інтэрв’ю Іван Міско.
Іван Якімовіч, як усякі непазбаўлены цікаўнасці чалавек, хацеў паляцець у космас. Аднойчы ў Зорным гарадку яму прапанавалі патрэніравацца на цэнтрыфугах, дзе звычайна трэніруюцца касманаўты. Пасля некалькіх гадзін трэніровак Іван Міско зразумеў, што зорная прафесія не для яго, і ён лепей будзе займацца сваёй справай, якая ў яго атрымліваецца значна лепш, чым падрыхтоўка да палёту.
Міско — аўтар цэлай галерэі скульптурных партрэтаў выдатных прадстаўнікоў гэтай прафесіі. Сярод іх амаль усе касманаўты былога Савецкага Саюза, а таксама беларускія касманаўты Уладзімір Кавалёнак, Пётр Клімук і Алег Навіцкі. Івану Міско пазіравалі многія ўдзельнікі міжнародных экіпажаў.
Цікава, што кожны касманаўт, які адпраўляецца ў палёт, пакідае аўтограф на дзвярах гасцінічнага нумара, у якім начуе перад стартам. Такую традыцыю завялі і ў майстэрні Івана Міско ў Мінску. На знакамітых дзвярах майстра больш за сотню подпісаў і не толькі заваёўнікаў космасу, але і буйных навукоўцаў, знакамітых кампазітараў і паэтаў.