Выстава трох карцін

Сёння ў музеі пачала сваю работу выстава члена Саюза мастакоў Расіі, аднаго з заснавальнікаў аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар” Івана Міхайлавіча Чарнякевіча. 

Выстава прымеркавана да юбілею мастака, які нарадзіўся 9 красавіка 1955 г. у в. Плябанцы, дзіцячыя гады правёў у г. Пружаны. Скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве ў Мінску, затым —  Ленінградскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя В.Мухінай. Там, у Піцеры, і пусціў свае карані.

Іван Чарнякевіч працуе з рознымі матэрыяламі і ў розных тэхніках: алейны жывапіс, габелен, батык і роспіс па шоўку. Мастак актыўна ўдзельнічае ў шматлікіх выставах у Расіі, Італіі, Нідэрландах, Швейцарыі, Эстоніі, Латвіі і Беларусі.

Яго работы знаходзяцца ў беларускім культурным цэнтры г.Сіднэй (Аўстралія), Рускім культурным цэнтры г.Сеул (Карэя), Ваенна-касмічнай акадэміі імя Мажайскага (г.Санкт-Пецярбург), у прыватных зборах у Расіі, Нідэрландах, Францыі, Італіі, ЗША, калекцыях Дзяржаўнага мастацкага музея Беларусі, музея кнігадрукавання Францыска Скарыны ў Полацку, краязнаўчым музеі Навагрудка, а таксама ў Пружанскім палацыку.

Палотны, якія экспануюцца на выставе, розныя па настроі і эмацыянальным насычэнні. Непаўторны стыль і высокі прафесіяналізм мастака прасочваецца ў кожнай рабоце.

Карціна “Жанчыны Палесся. Фота пачатку ХХ стагоддзя” выканана ў чорна-белай гаме, як і фотаздымак сялянскай сям’і Германчукоў з вёскі Дражын на Бабруйшчыне (з архіва беларускага этнографа Ісака Сербава), што ўразіў і натхніў мастака на напісанне карціны.

Мноства фарбаў, шырокі і хаатычны мазок у карціне “Сусвет” дазваляюць наведвальніку скласці індывідуальную выяву і малюнак.

Карціна “Песня”, дзякуючы стрыманым фарбам і простым формам напісання, здаецца празрыстай і чыстай, як песня.

Усіх, хто хоча бліжэй пазнаёміцца з творчасцю Івана Чарнякевіча, запрашаем наведаць “Выставу трох карцін” да 24 красавіка.

Добавить комментарий