Трымай марку!

1 мая паштовай марцы спаўняецца 185 гадоў. Хтосьці можа падумаць, што са з’яўленнем электроннай пошты гэтыя знакі паштовай аплаты сёння выпускаюцца выключна для калекцыянераў-філатэлістаў. Але відаў паштовых адпраўленняў па-ранейшаму вельмі шмат, і ніводнае з іх не абыходзіцца без запаветнай маркі. Дарэчы, у свеце яны займаюць трэцяе месца па інвесціраванні пасля золата і манет.

А адкуль пайшлі маркі? 1 мая 1840 года на лонданскім паштамце ў продаж паступіла першая ў свеце паштовая марка. У народзе яе называлі «чорны пені», бо для друку выкарыстоўвалі чорную фарбу, а каштавала яна 1 пені. Марка ўяўляла сабой мініятурны прамавугольнік з выявай каралевы Вікторыі і наміналу. А з 6 мая гэтую марку дазволілі наклейваць на канверты і выкарыстоўваць пры адпраўцы лістоў.

Сёння на любой паштовай марцы лацінскімі літарамі стаіць назва краіны, якая яе выпусціла. Калі назвы няма, гэта марка Вялікабрытаніі. Вялікабрытанія з’яўляецца адзінай краінай у свеце, якая не друкуе сваю назву на паштовых марках. Сусветны паштовы саюз, усталёўваючы патрабаванні да марак, абавязаў усе краіны ўказваць назву краіны-эмітэнта на паштовай марцы. Вялікабрытанія, як першая краіна, якая выпусціла марку ў абарачэнне, была вызваленая ад гэтага абавязку.

Пачынаючы з з гэтага часу, была выпушчана неверагодная колькасць паштовых марак, сярод якіх ёсць сапраўды ўнікальныя экземпляры.

Напрыклад, Каралеўства Бутан першым ў свеце выпусціла мноства незвычайных марак, у тым ліку — маркі-грампласцінкі. Выглядалі яны як малюсенькія рознакаляровыя пласцінкі дыяметрам у некалькі сантыметраў. На такіх марках былі запісаны гімн Бутана, народная музыка і аповед пра тое, што Бутан — цудоўная краіна.

Паступова галоўным у лістах і паштоўках стаў не змест, а… спосаб наклейвання маркі. Забава гэтая называлася «мовай марак». Размешчаная пад пэўным вуглом на патрэбнай частцы канверта марка магла паведаміць адрасату самую разнастайную інфармацыю. Выпускаліся своеасаблівыя паштоўкі-дапаможнікі, якія дапамагалі адрасантам і адрасатам разумець адзін аднаго.

У 1960-я гады ў Францыі былі выпушчаны «смачныя» маркі, дзе ў клей дадавалі лімонны сок, мяту, ванілін, нават перац. А ў 2013 годзе ў Бельгіі паступіла ў продаж серыя паштовых марак, якія дэманстравалі шакалад у розных відах.

У Марока існавалі паштовыя маркі, якія ўтрымлівалі пясок пустыні Сахара.

У стварэнні марак вызначылася фірма «Свароўскі». Пошта Аўстрыі выпусціла паштовы блок з выявай фірмовага лебедзя кампаніі і крышталя. Для гэтага выпуску было апрацавана каля дзесяці мільёнаў крышталёў.

Першая паштовая марка суверэннай Беларусі была выпушчана ў 1992 годзе. На ёй выява крыж прападобнай Ефрасінні Полацкай.

З таго часу Беларусь не проста наладзіла выпуск уласных марак, але і дабілася сур’ёзнага міжнароднага прызнання. На Сусветным конкурсе «Вялікі прыз выставы WIPA», які з 1881 года праходзіць у Вене, беларускія паштовыя мініяцюры ўжо некалькі разоў уваходзілі ў дзясятку лепшых.

Сёння ў Беларусі штогод выпускаецца да шасцідзесяці мастацкіх паштовых марак, тыраж кожнай з якіх складае ад 30 да 60 тысяч экземпляраў. Друкуюцца яны ў Бабруйскай узбуйненай друкарні імя А.Ц. Непагодзіна і выдавецтве «Беларускі Дом друку» ў Мінску. За кожнай паштовай мініяцюрай — маленькае апавяданне аб мінулым і сённяшнім дні краіны. На марках партрэты выбітных гістарычных асоб і асветнікаў, пісьменнікаў, вучоных, мастакоў, кампазітараў, касманаўтаў, а таксама выявы выдатных беларускіх замкаў і палацаў, шэдэўраў нацыянальнай культуры і інш.

У фондах Пружанскага палацыка захоўваецца калекцыя “Філатэлія”, якая налічвае каля тысячы марак. Тут ёсць і першая паштовая марка суверэннай Беларусі, і марка, прысвечаная нашаму зямляку Рыгору Раманавічу Шырме — беларускаму харавому дырыжору, кампазітару, педагогу, фалькларысту.

 

Добавить комментарий