Сялянскае жыццё ў творах Мікалая Тарасюка

Сёння спаўняецца 92 гады з дня нараджэння Мікалая Васільевіча Тарасюка — Народнага майстра Рэспублікі Беларусь, лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. З гэтай нагоды ў Пружанскім палацыку адкрылася выстава “Сялянскае жыццё ў творах Мікалая Тарасюка”. 

На выставе прадстаўлена 30 кампазіцый майстра, выкананых у тэхніцы разьбы па дрэве, якія расказваюць пра цяжкае жыццё сялян. Гэтыя творы – сапраўдная сялянская энцыклапедыя, мастацкі аповед аб чалавеку-гаспадару, які спрадвеку працуе на роднай зямлі, каб працягвалася жыццё.

Цэнтральнае месца на выставе займаюць некалькі кампазіцый на тэму “Вяселле”. Менавіта з вяселля пачынаецца жыццё гаспадара, гэта падзея, якая вызначае яго далейшы жыццёвы шлях. Побач з вясельнымі сцэнамі размешчана кампазіцыя “Будоўля хаты”. Пасля вяселля для гаспадара найважнейшы клопат – пабудова ўласнай хаты. А разам з хатай будуецца новая сялянская сям’я.

Шмат на выставе кампазіцый, у якіх прадстаўлены разнастайныя карціны штодзённай сялянскай працы — «Ворыва», «Сяўба», «Стог сена»…

Чалавек абрабляе зямлю, каб атрымаць хлеб, які з’яўляецца сэнсам і вынікам яго сялянскай працы. Таму кампазіцыя  “Млынарскі двор” нібы замыкае сабой у адзінае кола ўсе папярэднія кампазіцыі на тэму земляробчай працы.

Асобна на выставе стаяць кампазіцыі, на якіх паказаны віды жаночай працы. Жаночая доля сялянкі – апрацоўка лёну, прадзенне і ткацтва. Усё паказана вельмі дакладна: прылады працы, прыстасаванні, рухі рук. Прадстаўлены таксама кампазіцыі, якія нагадваюць і пра іншыя жаночыя абавязкі: драўляныя жанчыны таўкуць крупы ў ступе, мыюць бялізну, люляюць калыску з немаўлятам, паспяваючы пры гэтым прасці кудзелю.

Не бывае працы без свята, а свята без працы. Выстава не была бы завершанай, калі б на ёй не знайшлося месца творам на тэму вясковых святаў і вячорак.

Запрашаем усіх жадаючых пагрузіцца ў незвычайны свет сялянскага жыцця, наведаўшы выставу майстра.

Добавить комментарий