Станіслаў Жукоўскі

Сёння спаўняецца 150 з дня нараджэння Станіслава Жукоўскага сусветна вядомага мастака лірычнага і сядзібнага пейзажа і інтэр’ера. Мастак пакінуў пасля сябе вялікую творчую спадчыну звыш 600 твораў, якія знаходзяцца ў вядучых еўрапейскіх музеях, карцінных галерэях, прыватных калекцыях.

Нарадзіўся Станіслаў 13 мая 1873 г. у маёнтку Старая Воля Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні Расійскай імперыі (вёска Стараволя Пружанскага раёна), дзе і прайшло ўсё яго дзяцінства. Менавіта тут, ля родных сцен, раскрыўся талент мастака.

У семнаццацігадовым узросце Станіслаў з’ехаў у Маскоўскае вучылішча жывапісу. Каб пракарміцца і аплаціць навучанне, пісаў на продаж пейзажы, удзельнічаў у конкурсах і выставах.

Неўзабаве пасля заканчэння вучылішча Станіслаў Жукоўскі стаў папулярным жывапісцам, яго карціны куплялі па высокіх коштах. На атрыманыя ад продажу карцін сродкі ў 1906 г. Жукоўскі адкрыў студыю жывапісу і малявання ў Маскве.

У сваіх палотнах мастак выкарыстоўваў прыёмы пленэрнага жывапісу, шмат пісаў з натуры. Адной з галоўных тэм яго пейзажаў была вясна — першыя промні цёплага сонца, першыя кветкі.

Шмат работ Жукоўскі напісаў у родным маёнтку, дзе мастак працаваў апантана, на адным дыханні, баючыся не паспець захаваць нешта самае галоўнае. Менавіта тут былі створаны такія работы, як «Сядзіба», «Апошні снег», «Лясная дарога» і іншыя з дзяцінства мілыя сэрцу пейзажы.

У 1910-я гг. у творчасці Жукоўскага з’явілася новая тэма — інтэр’еры старажытных сядзіб. Мастак шмат падарожнічаў па сярэдняй паласе Расіі і наведваў дваранскія маёнткі. Ён пісаў памешчыцкія дамы з прасторнымі пакоямі і багатым убраннем, а таксама навакольныя сады і паркі. На палотнах Станіслаў Жукоўскі  пісаў інтэр’еры разам з прыродай: праз вокны адкрываліся віды на сады і паркі, на сталах і на вокнах мастак маляваў кветкі. У гэты час Жукоўскі так захапіўся сядзібнымі інтэр’ерамі, што яны сталі, мабыць, аднымі з самых галоўных і любімых у яго далейшай творчасці.

Пасля рэвалюцыі мастацкія крытыкі негатыўна ацанілі творчасць жывапісца: палотны аб дваранскім побыце не адпавядалі тэмам новага рэвалюцыйнага мастацтва. Жукоўскі ўсвядоміў сваю незапатрабаванасць і ў 1923 г. канчаткова пераканаўся ў гэтым, калі яго не запрасілі на чарговую перасоўную выставу. Тым часам тэрыторыя яго роднага краю адышла да Польшчы, і Жукоўскі прыняў рашэнне з’ехаць на сваю радзіму з думкай, што там будзе больш магчымасцяў рэалізаваць свой талент. Наступныя 20 гадоў ён пражыў у Варшаве і стварыў там шэраг несмяротных твораў.

У Польшчы мастак штогод прымаў  удзел у выставах. Яго творы адзначаліся рознымі прэміямі, дыпломамі, узнагародамі, а таксама набываліся Нацыянальным музеем Варшавы, Нацыянальнай галерэяй Кракава і іншымі польскімі музеямі.

Апошняя выстава твораў С. Жукоўскага адбылася вясной 1939 г. Потым пачалася вайна, немцы занялі Польшчу. Падчас акупацыі Жукоўскі знаходзіўся ў Варшаве, у 1944 г. прымаў актыўны ўдзел у Варшаўскім паўстанні, пасля чаго апынуўся ў нямецкім канцлагеры. У канцы 1944 г. ў агульнай магіле з жыхарамі Варшавы ён знайшоў свой вечны спакой…

А для нас мастак Станіслаў Жукоўскі застанецца назаўжды беларускім нацыянальным геніем, сапраўдным патрыётам і грамадзянінам роднай Айчыны, якую ён праславіў сваімі несмяротнымі творамі.

Добавить комментарий