Нядаўна музей-сядзібу “Пружанскі палацык” наведаў мастак Уладзімір Крываблоцкі.
Нарадзіўся мастак у вёсцы Хвалава Пружанскага раёна. Пасля чацвёртага класа паступіў у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве. З таго часу Уладзімір Васільевіч жыве ў Мінску. Працуе пераважна ў галіне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва і жывапісу. З’яўляецца аўтарам шэрагу манументальных работ, высока адзначаных мастацкім саветам.
Убачыўшы ў друку артыкул пра сябе, Уладзімір Крываблоцкі вырашыў наведаць малую радзіму. Цікава, што ў палацыку мастак быў упершыню. Для госця была праведзена экскурсія па музеі і ганчарнай майстэрні. Напрыканцы сустрэчы было дамоўлена аб далейшым супрацоўніцтве. Магчыма, у хуткім часе мастак наладзіць у Пружанах першую персанальную выставу. Будзем чакаць!