«Postscriptum»

У музеі-сядзібе “Пружанскі палацык» пачала сваю работу выстава «Postscriptum«, якая  апавядае пра штодзённасць савецкіх грамадзян у Германіі: пра побыт у лагерах і працу на заводах і фермах, пра сяброўства і каханне ў няволі, пра ўцёкі і бамбёжкі і, нарэшце, пра вызваленне і жыццё былых остарбайтэраў у Савецкім саюзе. 

Выстава падзелена на тэматычныя блокі: умовы прыбыцця, віды работ, штодзённасць, міжасобасныя адносіны, вызваленне і жыццё пасля вяртання. Усе экспанаты — копіі фатаграфій і дакументаў, лісты і паштоўкі, успаміны — размешчаны на кардонных фігурах у чалавечы рост.

Першы блок прысвечаны акупацыі і гвалтоўнаму згону насельніцтва ў Германію. Прадстаўлены ўспаміны аб агітацыйнай дзейнасці і спробах пазбегнуць ад’езду, распараджэнні аб абавязковай яўцы ў аддзяленні ўліку працоўнай сілы для адпраўкі ў Германію. Завяршае першы блок стэнд аб працэдуры рэгістрацыі і размеркавання остарбайтэраў — свайго роду рабскіх кірмашах.

Другі блок — гэта двухбаковыя стэнды, на якіх прадстаўлена жыццё остарбайтэраў. У кожным – дзясяткі фатаграфій і ўспамінаў, якія апісваюць розныя аспекты працы і побыту. Выдзелены фігуры, якія характарызуюць чалавечыя адносіны, сярод іх — сяброўства, каханне, сувязі паміж сваякамі…

Асобная фігура прысвечана перапісцы — на ёй прадстаўлены паштоўкі «Мурачкі М.», якія захоўваюць сляды кранальных і эмацыйна напоўненых зносін з сяброўкамі.

Завяршальныя фігуры адведзены вызваленню і вяртанню на Радзіму.

Добавить комментарий